Францішак вітае прадстаўнікоў дэлегацыі Канстантынопальскага Патрыярхату Францішак вітае прадстаўнікоў дэлегацыі Канстантынопальскага Патрыярхату 

Святы Айцец прывітаў праваслаўную дэлегацыю

Папа прывітаў дэлегацыю Канстантынопальскага Патрыярхату, якая прысутнічала на Эўхарыстыі з нагоды ўрачыстасці святых Пятра і Паўла.

“Падчас гэтай цэлебрацыі я сардэчна прыняў дэлегацыю, якая прыбыла ў Рым ад імя Экуменічнага Патрыярха, дарагога брата Барталамея. Гэта прысутнасць з’яўляецца чарговым знакам шляху адзінства і братэрства, які, дзякуючы Богу, характарызуе нашы Цэрквы”, - сказаў Пантыфік пасля малітвы “Анёл Панскі”, якая 29 чэрвеня 2018 г. прайшла на плошчы св. Пятра.

У рамках свайго візіту ў Рым дэлегацыя Канстантынопальскага Патрыярхату, якая прыбыла пад кіраўніцтвам архіепіскапа Ёва, сустаршыні Камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, акрамя ўрачыстай літургіі, якую ўзначаліў Папа, наведала Папскую раду спрыяння хрысціянскаму адзінству, а таксама прыняла ўдзел у кансісторыі, падчас якога Пантыфік узвёў у кардынальскую годнасць чатырнаццаць іерархаў.

Дэлегацыя Канстантынопальскага Патрыярхату штогод, пачынаючы з сярэдзіны 1960-х гадоў, прыязджае ў Ватыкан на ўрачыстасць апосталаў Пятра і Паўла. Дэлегацыя ж Апостальскай Сталіцы кожны год ездзіць у Стамбул 30 лістапада, на свята св. Андрэя Апостала.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 чэрвеня 2018, 12:53