Папа і прафесар Вінчэнца Буонома Папа і прафесар Вінчэнца Буонома 

Прызначаны новы рэктар Папскага латэранскага ўніверсітэта

Пантыфік прызначыў новага рэктара Папскага латэранскага ўніверсітэта. Ім стаў прафесар Вінчэнца Буонома, каардынатар дактарантаў факультэта грамадзянскага права ўзгаданай навучальнай установы.

Вінчэнца Буонома з’яўляецца першым свецкім вернікам на такой высокай пасадзе ў Папскім латэранскім універсітэце. Ён прыступіць да выканання сваіх новых абавязкаў 1 ліпеня 2018 г., змяніўшы на пасадзе рэктара біскупа Энрыка даль Ковала, спецыяліста ў тэалогіі і старажытнай хрысціянскай літаратуры, які кіраваў Папскім латэранскім універсітэтам на працягу двух тэрмінаў з 2010 г.

57-гадовы Вінчэнца Буонома нарадзіўся ў горадзе Гаэта, у цэнтальнай Італіі. Ён з’яўляецца выпускніком Папскага латэранскага ўніверсітэта, дзе абараніў ступень доктара навук у галіне міжнароднага права і дыпламатычных адносін.

Выкладчыцкую кар’еру распачаў у 1984 г. на факультэце грамадзянскага права узгаданай навучальнай установы. З 2001 г. з’яўляецца яго штатным выкладчыкам. З 1983 г. супрацоўнічаў з прадстаўніцтвам Апостальскай Сталіцы пры Харчовай і сельскагаспадарскай арганізацыі ААН, а ў 2007 г. стаў кіраўніком гэтай ватыканскай місіі. У 2014 г. Францішак прызначыў прафесара Вінчэнца Буонома на пасаду дарадчыка Дзяржавы Ватыкан.

Папскі латэранскі ўніверсітэт – адзін з папскіх універсітэтаў у Рыме. Ён быў заснаваны ў 1773 г. На сённяшні дзень тут дзейнічае чатыры факультэты: тэалагічны, філасофскі, кананічнага права і грамадзянскага права. Універсітэт мае адзяленні ў больш чым 50 краінах свету. У ім навучаецца каля 2500 студэнтаў з больш чым 120 краін.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 чэрвеня 2018, 15:42