Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік зрабіў змены ў Калегіі кардыналаў

Папа ўзвысіў чатырох кардыналаў да годнасці кардыналаў-біскупаў. Адпаведны рэскрыпт быў апублікаваны 26 чэрвеня 2018 г.

У дакуменце за подпісам арцыбіскупа Анджэла Бэчу, субстытута па агульных пытаннях Дзяржаўнага сакратарыяту, адзначаецца, што Рымскія Пантыфікі заўсёды глядзелі вачыма братэрскага ўмілавання на Калегію кардыналаў.

“Яны сапраўды аказваюць выключную падтрымку місіі Наступніка св. Пятра, робячы каштоўны ўнёсак праз свой досвед і служэнне мясцовым Касцёлам, раскінутым па ўсім свеце, і плённа ўзбагачаючы повязі адзінства з Касцёлам Рыма”, - гаворыцца ў рэскрыпце.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў адбылавася значнае пашырэнне Калегіі кардыналаў. Падкрэсліваецца, што колькасць іерархаў, якія належаць да ступені кардыналаў-прэзбітэраў і кардыналаў-дыяканаў, значна павялічылася, а колькасць кардыналаў-біскупаў заставалася пастаяннай і нязменнай.

Таму Святы Айцец падчас аўдыенцыі для арцыбіскупа Бэчу, якая прайшла 12 чэрвеня 2018 г., пастанавіў узвысіць да годнасці кардыналаў-біскупаў чатырох членаў Калегіі. Гаворка ідзе пра кардынала Пьетра Параліна, Дзяржсакратара Яго Святасці Папы, кардынала Леанарда Сандры, прэфекта Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, кардынала Марка Уэле, прэфекта Кангрэгацыі па справах Біскупаў, і кардынала Фэрнанда Філоні, прэфекта Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. Рашэнне Папы ўвойдзе ў сілу 28 чэрвеня.

З ліку кардыналаў-біскупаў абіраецца дэкан Калегіі кардыналаў. Зараз гэту пасаду займае 90-гадовы кардынал Анджэла Садана. Акрамя ўзгаданых іерархаў вышэйшую кардынальскую годнасць маюць: кардынал Джавані Батыста Рэ, кардынал Ражэ Эчэгарай, кардынал Фрэнсіс Арынзэ, кардынал Тарчызіа Бэртонэ і кардынал Жазэ Сараіва Марцінш. Усе яны ўжо маюць больш за 80 гадоў.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 чэрвеня 2018, 12:01