Пошук

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Папа: кожная сям’я павінна быць санктуарыем жыцця

Кожная сям’я павінна быць санктуарыем жыцця, сказаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 24 чэрвеня 2018 г. прайшла ў Ватыкане.

“Cёння літургія запрашае нас да святкавання ўрачыстасці Нараджэння св. Яна Хрысціцеля, - заўважыў Пантыфік. - Яго нараджэнне – гэта падзея, якая асвяціла жыццё яго бацькоў: Альжбеты і Захарыі, а таксама напоўніла радасцю і захапленнем іх сваякоў і суседзяў. Гэтыя пажылыя бацькі марылі пра гэты дзень і нават рыхтаваліся да яго, але больш на яго не спадзяваліся: адчувалі сябе выключанымі, прыніжанымі, расчараванымі, бо не мелі дзяцей. Перад абліччам абвяшчэння аб нараджэнні сына (пар. Лк 1,13) Захарыя не паверыў, бо законы прыроды не дазвалялі гэтага: яны былі старымі, былі пажылымі асобамі, і гэта быў знак. Але Бог не залежыць ад нашай логікі і нашых абмежаваных чалавечых здольнасцяў. Трэба навучыцца давяраць і маўчаць перад абліччам таямніцы Бога, а таксама з пакорай і ў маўчанні сузіраць Яго дзейнасць, якая адкрываецца ў гісторыі і вельмі часта пераўзыходзіць нашыя ўяўленні.

І зараз, калі падзея споўнілася, зараз, калі Альжбета і Захарыя пазналі, што “для Бога няма нічога немагчымага” (Лк 1,37), радасць іх была вялікая. Сённяшні евангельскі ўрывак (Лк 1,57-66.80) абвяшчае нараджэнне, а потым затрымліваецца на наданні імя дзіцятку. Альжбета выбрала імя, якое было неўласцівым для сямейнай традыцыі і сказала: “Будзе названы Янам” (Лк 1,60), бескарысны дар і амаль нечаканы, бо “Ян” азначае “Бог зрабіў ласку”. І гэтае дзіцятка стане вестуном, сведкам ласкі Бога для бедных, якія з пакорнай верай чакаюць збаўлення. Захарыя нечакана пацвердзіў выбар гэтага імені, напісаўшы яго на таблічцы – таму што быў нямы – і “адразу адкрыліся вусны ягоныя і развязаўся язык ягоны, і ён загаварыў, праслаўляючы Бога” (Лк 1,64).

Уся падзея нараджэння Яна Хрысціцеля прасякнута радасным пачуццём захаплення, нечаканасці і ўдзячнасці. Захапленне, нечаканасць, удзячнасць: народ быў ахоплены святым Божым страхам і “па ўсёй горнай краіне Юдэі яны расказвалі пра ўсё гэта” (Лк 1,65). Браты і сёстры, верны народ адчуваў, што здарылася нешта вялікае, нават калі яно было пакорным і схаваным, і пытаўся: “Што ж гэта будзе за дзіця?” (Лк 1,66).

Верны люд Божы здольны жыць верай з радасцю, з адчуваннем захаплення, нечаканасці і ўдзячнасці. Але паглядзім на гэтых людзей, якія абмяркоўвалі тое цудоўнае здарэнне, цуд нараджэння Яна, і рабілі гэта з радасцю, былі задаволеныя, мелі пачуццё захаплення, нечаканасці і ўдзячнасці. І гледзячы на гэта, спытаем у саміх сябе: “Якая мая вера? Гэта радасная вера ці заўсёды аднолькавая, роўная? Ці адчуваю захапленне, калі бачу справы Пана, калі чую пра евангелізацыю ці жыццё святога, калі бачу мноства добрых людзей: ці адчуваю ласку ўнутры або нічога не варушыцца ў маім сэрцы? Ці здольны я адчуваць суцяшэнне Духа або закрыты на яго?”. Спытаемся ў саміх сябе, кожны з нас, падчас рахунку сумлення: “Якая мая вера? Ці радасная яна? Ці адкрытая на Божыя неспадзяванкі, таму што Бог – гэта Бог нечаканасцяў? Ці пакаштаваў у душы гэта адчуванне захаплення, якое стварае прысутнасць Бога, гэта адчуванне ўдзячнасці?”. Падумаем пра гэтыя словы, якія з'яўляюцца душой веры: радасць, адчуванне захаплення, нечаканасці і ўдзячнасці.

Няхай Панна Марыя дапаможа нам разумець, што ў кожнай чалавечай асобе ёсць адбітак Бога, крыніцы жыцця. Няхай яна, Маці Божая і наша Маці, зробіць нас ўсё больш свядомымі таго, што ў нараджэнні дзіцяці, бацькі дзейнічаюць як супрацоўнікі Бога. Гэта па-сапраўднаму высокая місія, якая робіць кожную сям’ю санктуарыем жыцця, а кожнае нараджэнне дзіцяці няхай абуджае радасць, захапленне, удзячнасць”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра рымлян і пілігрымаў з розных частак свету і ўдзяліў сваё благаслаўленне.

Рэпартаж з малітвы "Анёл Панскі" ў Ватыкане
Навіна ў фармаце аўдыё
24 чэрвеня 2018, 13:36