Пантыфік прадставіў малітоўную інтэнцыю ў чэрвені

Малітва за здольнасць добрага карыстання сацыяльнымі сеткамі займае цэнтральнае месца папскай інтэнцыі ў чэрвені.

Францішак лічыць, што не можна дапусціць, каб лічбавы свет разбуральна ўплываў на чалавечую асобу, наадварот, ён павінен садзейнічаць умацаванню салідарнасці і ўзаемнай павагі.

Малітоўную інтэнцыю на бягучы месяц Пантыфік агучыў у адмысловым відэароліку, распаўсюджаным праз ватыканскі канал у “Youtube”.

“Інтэрнэт – гэта дар ад Бога, але і вялікая адказнасць. Камунікацыя, яе прастора і інструменты прывялі да адкрыцця гарызонтаў для многіх людзей. Давайце выкарыстоўваць магчымасці сустрэчы і салідарнасці, якія прапануюць нам сацыяльныя сеткі. Няхай лічбавая сетка не будзе месцам адчужэння. Няхай будзе вызначаным месцам, багатым чалавечнасцю. Молімся разам, каб сацыяльныя сеткі не нішчылі чалавечай асобы, але спрыялі салідарнасці і павазе да іншых людзей у іх разнастайнасці”, - звярнуўся Папа.

Адмысловыя відэаролікі з удзелам Францішка рыхтуюцца кожны месяц Сусветнай малітоўнай сеткай сумесна з Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 чэрвеня 2018, 12:31