Аўдыенцыя для лютэранскай дэлегацыі ў Ватыкане Аўдыенцыя для лютэранскай дэлегацыі ў Ватыкане 

Пантыфік да лютэран: экуменізм з'яўляецца патрэбай і прагненнем

Экуменізм не можа быць элітарнай справай, але павінен уключаць як мага больш братоў і сясцёр у веры, адзначыў Святы Айцец падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Евангелічна-Лютэранскай Царквы Германіі.

Сустрэча адбылася 4 чэрвеня 2018 г. у ватыканскім Апостальскім палацы. Вітаючы сваіх гасцей, Францішак з радасцю прыгадаў аб супольным успаміне 500-годдзя Рэфармацыі, які красамоўна пацвердзіў умацаванне еднасці паміж абедзьвюма супольнасцямі.

“Больш чым людскім стратэгіям, менавіта дзякуючы дзейнасці Духа, братэрскім сустрэчам, жэстам, пазначаным логікай Евангелля, а таксама з дапамогай афіцыйнага каталіцка-лютэранскага дыялогу, стала магчыма пераадолець старадаўнія забабоны з абодвух бакоў”, - сказаў Папа і выказаў спадзяванне на наступленне будучыні, скіраванай на поўнае пераадоленне разыходжанняў.

Паводле Францішка, супольны ўспамін юбілею Рэфармацыі пацвердзіў таксама, што імкненне да еднасці працягне пазначаць шлях абедзьвюх Цэркваў. “Экуменізм ўсё больш становіцца патрэбай і прагненнем, як паказваюць розныя супольныя малітвы і шматлікія экуменічныя сустрэчы, што прайшлі ў мінулым годзе ў свеце”, - заўважыў ён.

На думку Пантыфіка асабліва важны элемент для развіцця экуменізму, гэта малітва, таму што “не задумы людзей указваюць шлях, але Святы Дух”. Акрамя таго, “настойлівым заклікам да дасягнення ўсё больш канкрэтнай і бачнай еднасці” з’яўляюцца пакуты шматлікіх хрысціян, якіх пераследуюць за веру ў Хрыста, перакананы Папа.

Яшчэ адно патрабаванне для плённага развіцця адносін паміж католікамі і лютэранамі, тычыцца няспыннага развіцца тэалагічнага дыялога.

“[Некаторыя пытанні – я думаю пра Касцёл, Эўхарыстыю і касцёльнае служэнне, заслугоўваюць дакладнай і супольнай рэфлексіі. Экуменізм патрабуе ад нас таксама таго, каб не быў элітарнай справай, але ўключаў усё больш братоў і сясцёр у веры, якія ўзрастаюць як супольнасць вучняў, што моляцца, любяць адзін аднаго і абвяшчаюць Хрыста,]”

- сказаў Францішак.

У другой палове дня дэлегацыя Евангелічна-Лютэранскай Царквы Германіі наведала Папскую раду спрыяння хрысціянскаму адзінству, дзе сустрэлася з яе старшынёй, кардыналам Куртам Кохам.

Францішак сустрэўся з дэлегацыяй Евангелічна-Лютэранскай Царквы Германіі
Навіна ў фармаце аўдыё
04 чэрвеня 2018, 13:36