Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: сужэнства – гэта не латарэя

Сям’я знаходзіцца ў цэнтры Божай задумы, адзначыў Папа падчас сустрэчы з дэлегатамі Форуму сямейных асацыяцый – італьянскай каталіцкай арганізацыі, якая сёлета адзначае 25-годдзе сваёй дзейнасці.

Звяртаючыся да сваіх гасцей, Пантыфік закрануў цэлы шэраг актуальных і балючых праблем, якія тычацца сферы сямейнага жыцця. У першую чаргу, ён казаў пра аборты, ахвярамі якіх часта становяцца хворыя дзеці.

Францішак заўважыў, што нярэдка, калі ў выніку абследавання на першых месяцах цяжарнасці становіцца ясна, што дзіця хворае, першая прапанова, якая скіроўваецца да бацькоў, – гэта аборт. Такую селекцыю ён параўнаў з тым, што адбывалася ў старажытнай Спарце і нацысцкай Германіі.

Паводле слоў Папы, аборт у сучасную эпоху прадстаўляе сабой забойства, якое здзяйсняецца ў “белых пальчатках”: каб забяспечыць сабе спакойнае і бестурботнае жыццё, людзі забіваюць нявінных.

Таксама Святы Айцец выказаў смутак па прычыне размывання паняцця сям’і. Ён рашуча сцвердзіў, што сям’я павінна грунтавацца на сужэнстве паміж мужчынам і жанчынай. Па яго словах, аб гэтым ён казаў таксама ў адгартацыі “Amoris laetitia”, якую некаторыя каментатары звялі да спрэчкі аб тым, “што дазволена, а што не дазволена”.

Францішак лічыць, што гэтыя людзі не зразумелі, аб чым быў дакумент. Ён падкрэсліў, што самае галоўнае ў гэтым тэксце, між іншым, тычыцца сямейнай штодзённай духоўнасці, належнай падрыхтоўкі будучых сужонкаў. Ён параўнаў распаўсюджаны сёння падыход да сужэнства з латарэяй, калі людзі вырашаюць паспрабаваць ажаніцца з надзеяй, што, калі нешта пойдзе не так, заўсёды можна ўзяць шлюб яшчэ раз.

Святы Айцец падзяліўся досведам са свайго служэння ў Аргентыне, распавёўшы пра жанчыну, якая называла святароў хітрымі людзьмі, бо, перш чым прыняць пасвячэнне, яны рыхтуюцца да яго на працягу многіх гадоў. У той жа час, для падрыхтоўкі людзей да сужэнства нярэдка прапануецца толькі тры-чатыры катэхетычныя заняткі.

Паводле Папы, існуе шмат павярхоўнасці ў адносінах да самага вялікага дару, які Бог даў чалавецтву і якім з’яўляецца сям’я, вобраз Бога. Францішак падкрэсліў патрэбу ў перадсужэнскім катэхуменаце, у мужчынах і жанчынах, якія дапамогуць моладзі сталець.

У прамове Францішка закраналася таксама тэма выхавання дзяцей, якое становіцца ўсё больш складаным па прычыне сацыяльнага і эканамічнага крызісу, у выніку якога многія бацькі не маюць магчымасці праводзіць час са сваімі дзецьмі. Францішак заклікаў імкнуцца ставіць на першае месца ў сямейным жыцці менавіта клопат пра малых. “Гуляйце з дзецьмі, не кажыце ім, каб не турбавалі вас”, - параіў Папа.

Святы Айцец уручыў удзельнікам аўдыенцыі тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы, у якім таксама заўважыў парадаксальную сітуацыю, калі “нараджэнне дзяцей, якое ўвасабляе самую вялікую інвестыцыю для краіны і першую ўмову для яе будучага росквіту, часта ўяўляе для сем’яў прычыну беднасці, з-за слабой падтрымкі, якую атрымліваюць, і неэфектыўнасці шматлікіх паслугаў”.

Форум сямейных асацыяцый (Forum delle Associazioni familiari) быў заснаваны ў 1992 г. Ён аб’ядноўвае каля пяцісот італьянскіх каталіцкіх сямейных арганізацый, якія спрыяюць абароне і падтрымцы інстытута сям’і ў духу вучэння Касцёла.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 чэрвеня 2018, 14:28