Аўдыенцыя для членаў Духоўнай Сям’і Найкаштоўнейшай Крыві Хрыста Аўдыенцыя для членаў Духоўнай Сям’і Найкаштоўнейшай Крыві Хрыста 

Францішак: сучаснасць патрабуе “рэвалюцыі пяшчоты”

“Кроў Хрыста – гэта крыніца збаўлення для свету”, – сцвердзіў папа Францішак падчас аўдыенцыі для членаў Духоўнай Сям’і Найкаштоўнейшай Крыві Хрыста.

У яе склад уваходзяць Таварыствы апостальскага жыцця, мужчынскія і жаночыя Інстытуты кансэкраванага жыцця, а таксама супольнасці свецкіх вернікаў, натхнёныя духоўнасцю Найкаштоўнейшай Крыві Хрыста.

Сустрэча адбылася 30 чэрвеня 2018 г. у ватыканскай Зале Паўла VI. Вітаючы сваіх гасцей, Францішак нагадаў, што надыходзячы месяц ліпень асаблівым чынам запрашае да разважання над прыродай хрысціянскай спагады ў святле таямніцы Хрыстовай Крыві.

“[Бог абраў сімвал крыві, бо ніводзін іншы не з’яўляецца такім красамоўным у пераказванні найвышэйшай любові жыцця, падараванага іншым,]”

– сказаў Пантыфік.

Паводле Францішка, разважанне над Крывёй Хрыста, пралітай на крыжы дзеля нашага збаўлення, натхняе на ўчынкі міласэрнасці, на шчодрае дараванне свайго жыцця Богу і бліжнім, асабліва тым, каго “грамадства спажывальніцтва і абыякавасці” выкінула на ўзбочыну жыцця. “У гэтай перспектыве становіцца відавочнай важнасць вашага служэння Касцёлу і грамадству”, – звярнуўся да прысутных Папа.

Францішак вылучыў тры прынцыпова важныя аспекты гэтага служэння: “мужнасць у вызнаванні праўды, увагу да ўсіх, асабліва далёкіх ад Бога, і здольнасць прыцягваць і абвяшчаць”.

Мужнасць у вызнаванні праўды, па словах Святога Айца, выяўляецца ў здольнасці “гаварыць адназначна і не адварочваць твару перад абліччам нападкаў на каштоўнасць чалавечага жыцця з моманту зачацця да натуральнай смерці, на чалавечую годнасць, перад сацыяльнымі хваробамі, рознымі формамі беднасці”. Важна “будаваць смелыя супольнасці, якія не баяцца аб’ядноўвацца для сцвярджэння евангельскіх каштоўнасцей і праўды адносна свету і чалавека”, дадаў ён.

Патрэба праяўляць увагу да ўсіх людзей без выключэння вынікае з таго факту, што ўсе з’яўляюцца “адрасатамі любові і дабрыні Езуса”, працягнуў Папа. “У вашай місіі вы пакліканы дасягнуць усіх, быць усімі зразуметымі”, а для гэтага – гаварыць на зразумелай мове і ў такі спосаб, які б дазволіў “наблізіцца да мноства людзей у іх дамах, у сацыяльных асяродках і на вуліцах”, сказаў ён і заклікаў прысутных імкнуцца да таго, “каб быць вобразам Касцёла, які ідзе вуліцамі, сярод народу, нават калі першым падвяргае сябе рызыцы, падзяляючы радасці і цяжкасці тых, каго сустракае”.

Нарэшце, здольнасць прыцягваць і абвяшчаць, паводле Пантыфіка, тычыцца, галоўным чынам, місіі прапаведвання, катэхізацыі, шляхоў паглыбленага вывучэння Божага Слова. Каб залучаць усё большую колькасць асобаў і даваць ім магчымасць “смакаваць змест хрысціянскай веры” і тым самым весці да “новага жыцця ў Хрысце”, Францішак запрасіў сваіх гасцей чэрпаць натхненне з падыходу Езуса да прапаведавання: Яго позірк на людзей сягаў вышэй за іх слабасці і падзенні, і ў гэтым была Яго моц. “Мы жывём у час, калі неабходна здзяйсняць рэвалюцыю пяшчоты”, – дадаў ён.

Напрыканцы сустрэчы Папа нагадаў, што “сапраўдная моц хрысціянскага сведчання зыходзіць з самога Евангелля. З яго вынікае вяршэнства Крыві Хрыста і натхнёнай Ёю духоўнасці”. У сувязі з гэтым ён пажадаў прысутным, каб у іх супольнасцях прыярытэт надаваўся малітве, слуханню Божага Слова, сузіранню, пакорлівай паслухмянасці голасу Святога Духу.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 чэрвеня 2018, 14:10