Папа падчас сустрэчы з удзельнікамі праекту "Дзіцячы цягнік" Папа падчас сустрэчы з удзельнікамі праекту "Дзіцячы цягнік" 

Францішак прыняў удзельнікаў праекту “Дзіцячы цягнік”

Святы Айцец сустрэўся з вучнямі малодшых класаў школ з ускраін Мілана і Рыма, якія прыбылі ў Ватыкан у рамках праекту “Дзіцячы цягнік”.

Сустрэча адбылася 9 чэрвеня 2018 г. у ватыканскай Зале Паўла VI. Яна была ўжо ў шосты раз арганізавана Папскай радай па культуры. Сёлетнімі гасцямі Папы былі каля пяцісот дзяцей, якія прыбылі на ватыканскую чыгуначную станцыю спецыяльным цягніком, прадстаўленым Італьянскай дзяржаўнай чыгункай.

Школьнікі мелі магчымасць задаць Пантыфіку некалькі пытанняў. Адно з іх тычылася першай настаўніцы Папы. “Яна была вельмі добрай, вучыла нас чытаць і пісаць. Затым, калі я закончыў школу, заўсёды памятаў пра яе. Памятаць пра першую настаўніцу ці першага настаўніка важна, бо яны першымі дапамагаюць цябе крочыць па жыцці. Я тэлефанаваў ёй будучы падлеткам, будучы святаром, а калі быў біскупам патрымліваў яе ў хваробе. Яна памерла ў 94-гадовым узросце. Я заўсёды памятаю пра яе”, - падзяліўся Папа.

Святы Айцец падзякаваў дзецям за падарункі, якія яны ўручылі яму. Папа звярнуў увагу на тое, што школьнікі зрабілі іх уласнымі рукамі, уклаўшы ў іх свой розум, працу рук і сэрца. Калі рэчы робяцца такім чынам, яны становяцца глыбокімі і чалавечымі, дадаў ён.

На развітанне Пантыфік яшчэ раз заклікаў дзяцей памятаць пра сваіх настаўнікаў. “Не забывайце пра вашых першых настаўнікаў, ніколі не забывайце школу, бо гэта карані вашай культуры”, - сказаў Святы Айцец, падкрэсліўшы, што менавіта карані дапамагаюць расквітнець і прыносіць плёны.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 чэрвеня 2018, 15:28