Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Францішак: атрымліваем дар Духа, каб дарыць яго іншым

Дар Святога Духа даецца не для таго, каб захоўваць яго для сябе, але каб даваць яго іншым, сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 6 чэрвеня 2018 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез аб сакрамэнце канфірмацыі, Францішак заўважыў, што дар Святога Духа, які атрымліваюць бежмаваныя, спрыяе таму, каб яны самі станавіліся дарам для іншых людзей.

“Памятайма, што калі біскуп намашчае нас алеем, кажа: “Прымі знак дару Духа Святога”. Гэты дар Святога Духа ўваходзіць у нас – сам Дух, – і дазваляе прыносіць плады, каб мы маглі затым перадаваць Яго іншым. Заўсёды атрымліваць, каб даваць: ніколі не атрымліваць, каб трымаць для сябе, нібыта наша душа, гэта нейкае сховішча – не! (...) Акрамя таго, Святому Духу ўласціва выводзіць нас з засяроджанасці на ўласным “я” і адкрываць на “мы” хрысціянскай супольнасці. Не мы знаходзімся ў цэнтры: мы з’яўляемся прыладай гэтага дару для іншых”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, дапаўняючы ў ахрышчаных падабенства да Хрыста, канфірмацыя яшчэ мацней яднае іх у якасці жывых членаў містычнага цела Касцёла. “Місія Касцёла ў свеце працягваецца дзякуючы ўкладу ўсіх, хто да яго належыць”, - падкрэсліў Францішак.

Францішак: несці дары Духа іншым людзям

“Нехта думае, што ў Касцёле ёсць гаспадары: Папа, біскупы, святары, і работнікі: ўсе астатнія! Не! Касцёл – гэта мы ўсе! Мы ўсе адказныя за тое, каб асвячаць адно аднаго, клапаціцца адно пра аднаго. Касцёл – гэта мы, усе. Кожны мае сваё заданне ў Касцёле, бо Касцёл належыць да ўсіх. Мы павінны думаць пра Касцёл, як пра жывы арганізм, што складаецца з людзей, якіх ведаем і з якімі крочым, а не як пра абстрактную і далёкую рэчаіснасць (...). Канфірмацыя далучае да Паўсюднага Касцёла раскінутага па ўсім свеце, актыўна ўключаючы бежмаваных у жыццё мясцовага Касцёла, да якога яны належаць, на чале з біскупам, які з’яўляецца наступнікам апосталаў”, - патлумачыў Пантыфік.

Папа нагадаў, што ў лацінскім абрадзе звычайным распарадчыкам сакрамэнту канфірмацыі з’яўляецца менавіта біскуп. Гэтым падкрэсліваецца, што адным з наступстваў сакрамэнту з’яўляецца больш блізкае яднанне тых, хто яго прымае, з Касцёлам, з яго апостальскім паходжаннем і яго місіяй сведчання аб Хрысце.

Цудоўным выразам такога ўключэння ў Касцёл з’яўляецца знак супакою, якім завяршаецца абрад канфірмацыі. “Праз бежмаванне, мы атрымліваем Святога Духа і супакой: той супакой, які мы павінны перадаць іншым”, - сказаў Францішак і заклікаў вернікаў трымацца гэтай місіі, ніколі не распаўсюджваючы плёткі, якія знішчаюць мір і гармонію ў супольнасці. Папа падкрэсліў, што ніхто не атрымлівае сакрамэнт канфірмацыі для самога сябе.

“[Гэта дар не для таго, каб захоўваць яго ў сховішчы, але заўсёды даваць яго іншым, садзейнічаць духоўнаму росту іншых людзей. Толькі так, адкрываючыся і выходзячы за свае межы, каб сустракаць братоў, мы можам па-сапраўднаму расці, а не падманваць сябе, што робім гэта]”

- дадаў Францішак.

“Заклікаю бежмаваных не “знявольваць” Святога Духа, не ставіць перашкод Ветру, які дзьме, каб падштурхнуць іх на шляху да свабоды, не гасіць гарачае Полымя любові, якое вядзе да прысвячэння жыцця Богу і братам. Няхай Святы Дух дасць усім нам апостальскую адвагу перадачы Евангелля, справамі і словамі, тым, каго сустракаем на нашым шляху. Праз справы і словы: добрыя словы, – якія будуюць, – а не плёткі, якія знішчаюць. Калі ласка, калі выходзіце з касцёла, памятайце, што атрымалі супакой, каб несці яго іншым: не для таго, каб знішчаць іх плёткамі. Не будзем забываць пра гэта!”, - заклікаў Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы вернікаў і ўдзяліў усім сабраным сваё благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 чэрвеня 2018, 14:02