Бэта версія

Cerca

VaticanNews
Аперацыя ў ватыканскім педыятрычным шпіталі "Bambino Gesu" Аперацыя ў ватыканскім педыятрычным шпіталі "Bambino Gesu" 

Святы Айцец пра ролю і місію каталіцкага медыка

Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане членаў Міжнароднай федэрацыі асацыяцый каталіцкіх медыкаў.

“Званне “каталіцкага медыка” абавязвае да пастаяннай духоўнай, маральнай і біяэтычнай фармацыі для ажыццяўлення евангельскіх прынцыпаў у медыцынскай практыцы”, - падкрэсліў Папа 28 мая 2018 г. падчас ватыканскай сустрэчы з членамі Міжнароднай федэрацыі асацыяцый каталіцкіх медыкаў. Каталіцкі лекар атрымлівае імпульс ад веры і еднасці з Касцёлам для свайго хрысціянскага і прафесійнага сталення і лепшага служэння жыццю, адзначыў ён.

Францішак заўважыў, што каталіцкая ідэнтычнасць не ставіць пад пагрозу супрацоўніцтва з тымі, хто мае іншы “рэлігійны пункт гледжання” або лічыць сябе няверуючым.

Вобласць медыцыны і аховы здароўя таксама не мінула “культурная парадыгма” тэхнакратызму, культу неабмежаванай чалавечай сілы і практычнага рэлятывізму, дзе ўсё становіцца недарэчным, калі перастае служыць такога роду інтарэсам, з жалем заўважыў Святы Айцец. У такой сітуацыі каталіцкі медык “закліканы пацвердзіць цэнтральную ролю пацыента як чалавека, яго годнасці і неад’емных правоў, перш за ўсё права на жыццё”.

“Абарона асабістага аспекту пацыента мае важнае значэнне для гуманізацыі медыцыны, таксама ў кантэксце “чалавечай экалогіі”

- сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў арганізацыю змагацца ў абароне свабоды сумлення ўрачоў і ўсіх работнікаў аховы здароўя. Ён падкрэсліў непрымальнасць сітуацыі, калі роля лекара зводзіцца да простага выканання волі пацыента ці рэалізацыі патрэб сістэмы аховы здароўя.

Францішак адзначыў важнасць канферэнцыі, якую Федэрацыя арганізуе 30 мая - 2 чэрвеня 2018 г. у Заграбе на тэму “Святасць жыцця і медыцынская прафесія. Ад “Humanae vitae” да “Laudato si’”.

Рэпартаж с сустрэчы Папы з каталіцкімі медыкамі

Папа пажадаў, каб дзейнасць асацыяцый каталіцкіх лекараў мела міждысцыплінарны характар, таксама з прыцягненнем духавенства, якое працуе ў душпастырстве сферы аховы здароўя. Ён нагадаў, што словы, жэсты, учынкі каталіцкіх медыкаў з’яўляюцца рэхам, якое выходзіць за рамкі строга прафесійнай сферы і павінны быць сведчаннем жывой веры.

Францішак заклікаў членаў Федэрацыі з радасцю і велікадушнасцю працягваць супрацоўніцтва з усімі людзьмі і ўстановамі, якія падзяляюць любоў да жыцця і імкнуцца служыць абароне яго годнасці і святасці.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 мая 2018, 12:18