Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец назваў імёны будучых кардыналаў

Францішак абвясціў імёны новых кардыналаў. Адмысловы зварот ён зрабіў пасля малітвы "Regina Coeli", якая прайшла 20 мая 2018 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

"З радасцю паведамляю, што 29 чэрвеня правяду кансісторый з нагоды прызначэння чатырнаццаці новых кардыналаў. Іх паходжанне выражае паўсюднасць Касцёла, які не перастае абвяшчаць міласэрную любоў Бога ўсім людзям на зямлі. Уключэнне новых кардыналаў у Рымскую дыяцэзію, акрамя таго, выражае непарыўную сувязь паміж Апостальскай Сталіцай і мясцовымі Касцёламі ва ўсім свеце", - сказаў Папа.

Кардынальскую годнасць атрымаюць: архіепіскап Луіс Рафаэль Сако, Патрыярх Вавілонскі Халдэйскай Каталіцкай Царквы; арцыбіскуп Луіс Франсіска Ладарыя Фэрэр, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння; арцыбіскуп Анджэла Дэ Данаціс, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі; арцыбіскуп Анджэла Бэчу, субстытут па агульных пытаннях Дзяржсакратарыяту і спецыяльны дэлегат пры Суверэнным Вайсковым Мальтыйскім Ордэне; арцыбіскуп Конрад Краеўскі, Апостальскі элемазінарый; арцыбіскуп Джозэф Кутц, пастыр дыяцэзіі Карачы ў Пакістане; біскуп Антоніў Аўгусту душ Сантуш Марту, пастыр дыяцэзіі Лэйрыя-Фаціма ў Партугаліі; арцыбіскуп Пэдра Барэта, пастыр дыяцэзіі Гуанкаё ў Перу; арцыбіскуп Дэзірэ Царахазана, пастыр дыяцэзіі Туамасіна на Мадагаскары; арцыбіскуп Джузэпэ Петрокі, пастыр дыяцэзіі Аквіла ў Італіі; арцыбіскуп Томас Аквін Манё Маэда, пастыр дыяцэзіі Осака ў Японіі.

Акрамя таго, Францішак уключыць у склад Калегіі кардыналаў трох пастыраў, якія вылучыліся руплівым служэннем Касцёлу. Яны ўжо перакрочылі 80-гадовы парог і таму не змогуць прыняць удзел у магчымым канклаве. Гаворка ідзе пра мексіканскага арцыбіскупа Сэрхіа Абэса Рыверу, пастыра дыяцэзіі Халапа на пенсіі; балівійскага біскупа Тарыбіа Цікона Порка, тэрытарыяльнага прэлата Коракора на пенсіі; а таксама іспанскага законніка Аквіліна Бокаса Мэрына з кангрэгацыі Місіянераў Сыноў Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі.

"Молімся за новых кардыналаў, каб пацвярджаючы сваю адданасць Хрысту, міласэрнаму і вернаму Найвышэйшаму святару, яны дапамагалі мне ў служэнні Біскупа Рыма для дабра ўсяго вернага Божага народа", - заклікаў Святы Айцец.

Папа абвясціў імёны новых кардыналаў
20 мая 2018, 09:20