Пошук

Папа падчас візіту ў супольнасць “Nomadelfia” Папа падчас візіту ў супольнасць “Nomadelfia” 

Пантыфік у супольнасці “Nomadelfia”

10 мая 2018 г. у 8.03 верталёт са Святым Айцом на борце прызямліўся на футбольным полі ў Намадэльфіі, у тасканскай правінцыі Грасэта. Там знаходзіцца заснаваная кс. Дзэна Салціні аднайменная каталіцкая супольнасць.

Адразу пасля прыбыцця, Пантыфік адправіўся на мясцовыя могілкі, дзе знаходзіцца магіла заснавальніка, чый беатыфікацыйны працэс працягваецца з 2009 г. Затым ён наведаў адзін з дамоў супольнасці “Nomadelfia”, якая сёлета адзначае 70-ю гадавіну існавання, пасля чаго ў мясцовым касцёле сустрэўся з яе членамі.

У сваёй прамове Святы Айцец адзначыў, што “Nomadelfia” – гэта прарочая рэальнасць, якая імкнецца ўкараніць новую цывілізацыю, праз актуалізацыю Евангелля як формы добрага і прыгожага жыцця. Ён нагадаў, што закон братэрства, які характарызуе жыццё супольнасці, гэта была мара і мэта ўсяго жыцця кс. Салціні. “Я заклікаю вас працягваць практыкаваць гэты стыль жыцця, верачы ў сілу Евангелля і Святога Духа, праз яснае хрысціянскае сведчанне”, - сказаў Францішак.

Папа наведаў італьянскую супольнасць “Nomadelfia”

Папа падкрэсліў, што перад абліччам пакут дзяцей, асірацелых або пацярпелых ад цяжкасцяў, кс. Салціні прыйшоў да таго, што адзінай зразумелай для іх мовай з’яўляецца любоў. Вось чаму ён вынайшаў пэўную форму супольнасці, у якой няма месца для адзіноты ці ізаляцыі, дзе дзейнічае прынцып супрацоўніцтва паміж рознымі сем’ямі, дзе ўсе лічаць сябе братамі па веры.

“У “Nomadelfii”, у адказ на канкрэтнае пакліканне Пана, усталяваліся сувязі, якія нашмат мацнейшыя, чым повязі сваяцтва. Тут рэалізуецца роднасць з Езусам, уласцівая тым, хто адраджаецца з вады і Святога Духа”

- сказаў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што ў “Nomadelfii” таксама шмат увагі надаецца пажылому пакаленню. “Працягвайце гэта рабіць, увасабляючы ўзор братэрскай любові, таксама і праз бачныя ініцыятывы і знакі ў розных сітуацыях, куды вас кліча евангельская любоў, але заўсёды ў дух кс. Дзэна, які хацеў, каб “Nomadelfiа” была “лёгкай” і абмежаванай выключна да таго, што неабходна для яе структур", - пажадаў Папа.

“Ва ўмовах свету, часам варожага да ідэалаў, абвешчаных Хрыстом, не бойцеся адказаць спакойным і радасным сведчаннем вашага жыцця, натхнёнага Евангеллем”

- дадаў ён.

Кс. Дзэна Салціні нарадзіўся 30 жніўня 1900 г. у Карпі, як дзявяты з дванаццаці дзяцей сваіх бацькоў. Яго сястрой была Марыяна Салціні, таксама кандыдат да хвалы алтароў. З 14 гадоў ён перапыніў вучобу і пачаў працаваць на ферме. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны паступіў на вучобу ў каталіцкі ўніверсітэт Мілана, дзе атрымаў вышэйшую адукацыю ў галіне тэалогіі і філасофіі. Стаў святаром.

Пасля Другой сусветнай вайны ён заснаваў Ініцыятыву Малых Апосталаў, для клопату пра сірот і кінутых дзяцей. Затым прыцягнуў да працы сужэнствы, гатовыя дапамагчы ў прыняцці гэтых дзяцей. У 1948 г. была зацверджана канстытуцыя Ініцыятывы. Такім чынам нарадзілася “Nomadelfia”.

Сёння супольнасць складаецца з сем’яў і нежанатых свецкіх католікаў, якія пражываюць у васьмі кіламетрах ад італьянскага горада Грасэта і наследуюць прыклад першых хрысціянскіх супольнасцяў. Яны практыкуюць супольнае карыстанне дабротамі, клопат пра дзяцей, няпоўнаспраўных і старых.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 мая 2018, 17:49