Cerca

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з італьянскімі паліцэйскімі Папа падчас сустрэчы з італьянскімі паліцэйскімі  (Servizio Fotografico "Osservatore Romano")

Папа прыняў на аўдыенцыі супрацоўнікаў рымскай паліцыі

25 мая 2018 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане супрацоўнікаў рымскай паліцыі, Цэнтральнага ўпраўлення аховы здароўя Дэпартамента грамадскай бяспекі і іх сем’і.

Падчас сустрэчы Святы Айцец казаў пра важнасць дбання аб духоўным здароўі сям’і – першай супольнасці, якая праз унутраны дыялог вучыць любові, веры і добрым учынкам.

“Здароўе сям’і вызначальнае для будучыні свету і Касцёла, калі ўлічваць шматлікія выклікі і цяжкасці, якія ўзнікаюць у сучаснай штодзённасці”

– сказаў Пантыфік. На яго думку, толькі дзякуючы сямейнай лучнасці і любові чалавек здольны выстаяць перад горкай і балючай рэчаіснасцю.

Тым не менш, і самі сем’і пазначаны пакутамі, працягнуў Папа. Пра гэта яскрава сведчаць шматлікія старонкі Бібліі, пачынаючы з гісторыі братэрскай нянавісці Каіна і Авеля і заканчваючы жыццёвымі выпрабаваннямі Юзэфа і Марыі.

“Углядаючыся штодня ў Евангелле, Касцёл кіруецца Духам Святым да таго, каб быць побач з сем’ямі, асабліва тымі, што перажываюць пэўны крызіс ці боль, нібы іх спадарожнік, які ўказвае на канчатковую мэту, дзе смерць і боль знікнуць назаўсёды”

- падкрэсліў Святы Айцец.

“Час, у які жывём, пазначаны глыбокімі пераменамі. Вы пастаянна адчуваеце гэта ў сваёй працы, як падчас следства, так і на вуліцах, асабліва такога горада, як Рым. Сямейны вопыт дапамагае і тут, бо дае вам раўнавагу, мудрасць, каштоўнасці, на якія трэба раўняцца. Добрая сям’я перадае ў тым ліку і грамадзянскія каштоўнасці, навучае адчуваць сябе часткай грамадства, паводзіць сябе як сумленныя жыхары. Нацыя не можа трымацца, калі сем’і не выконваюць гэтае заданне”, - адзначыў Францішак.

Падчас аўдыенцыі Папа падзякаваў усім супрацоўнікам італьянскай паліцыі за службу, якую яны нясуць, у тым ліку, на карысць Касцёла і Святога Айца, а на заканчэнне сустрэчы благаславіў прысутных, просячы Маці Божую, каб дапамагала паліцэйскім і іх сем’ям “рухацца наперад з адвагай, пакорлівасцю і пяшчотай”.

Сустрэча Папы з італьянскімі паліцэйскімі
Навіна ў фармаце аўдыё
25 мая 2018, 14:38