Мітрапаліт Іларыён Мітрапаліт Іларыён 

Пантыфік прыняў дэлегацыю Маскоўскага Патрыярхату

Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі 30 мая 2018 г. дэлегацыю Маскоўскага Патрыярхата. З праваслаўнага боку ўдзел у сустрэчы прынялі 20 асоб.

Пантыфік падзякаваў за візіт і сустрэчу, што, як адзначыў, “вельмі дапамагае нам перажываць нашу веру ў адзінстве і надзеі на супольнае пілігрымаванне”.

“Я вельмі рады разам з вамі ісці шляхам да еднасці: гэта адзіны надзейны шлях, таму што дарога падзелу вядзе да войнаў і разбурэнняў. І перад вамі я хацеў бы паўтарыць – асабліва перад Вамі, дарагі брат, і перад вамі – што Каталіцкі Касцёл ніколі не дапусціць нараджэння раскольніцкіх адносін. Мы ніколі не дазволім сабе гэта зрабіць: у мяне няма такога жадання. У Маскве – у Расіі – ёсць толькі адзін Патрыярхат: ваш. Іншага няма. І калі хтосьці з католікаў, няхай гэта будзе свецкі чалавек, святар або біскуп бярэ ў рукі сцяг уніятызму, які больш не функцыянуе, які скончыўся, для мяне гэта таксама боль. Трэба паважаць Цэрквы аб’яднаныя з Рымам, але ўніятызму як шляху адзінства сёння не можа быць. Для мяне суцяшэннем з’яўляецца сітуацыя, калі я бачу наступнае: працягнутая рука, братэрскія абдымкі, супольны роздум і пілігрымаванне”, - адзначыў Францішак.

Папа падзяліўся сваім бачаннем хрысціянскага адзінства. “Экуменізм нараджаецца пры хадзе. Мы ідзём. Некаторыя думаюць, - але гэта не правільна, - што першым павінна быць дактрынальнае пагадненне – усе пункты падзелу – і потым вандраванне: гэта не працуе ў выпадку экуменізму, таму што ніхто не ведае, калі прыйдуць да пагаднення. (...) Мы павінны працягваць вывучаць тэалогію, каб праясніць пункты, але ў той жа час ісці разам; не чакаць вырашэння гэтых рэчаў для пілігрымавання: не. Ісці разам і рабіць таксама тыя рэчы, але ісці ў любові, у малітве, і прыклад тут – перэгрынацыя рэліквій. І малітва разам, адзін за аднаго, у дыялогу. І гэта прыносіць так шмат добрага. Сустрэча з Яго Святасцю Кірылам мяне вельмі парадавала, я сустрэў брата. І зараз, духоўна, мы ідзём разам”, - прызнаўся Святы Айцец.

Пантыфік звярнуўся таксама да аспекту каталіцка-праваслаўных адносін. “Каталіцкі Касцёл – мясцовыя Касцёлы – не павінны ўмешвацца ва ўнутраныя справы Рускай Праваслаўнай Царквы, у тым ліку і ў палітычныя рэчы. Гэта маё стаўленне і стаўленне Святога Пасаду сёння. А тыя, хто ўвязвацца ў гэта, не падпарадкоўваюцца Святому Пасаду. Гэта палітыка. Другая рэч: пабожнасць. Важная малітва адно за аднаго, але асабістая малітва”, - падкрэсліў ён.

Францішак распавёў, што пасля сустрэчы з Патрыярхам Кірылам, той перадаў яму рэліквіі св. Серафіма. Ён прызнаўся, што ля гэтых рэліквій кожны дзень ён моліцца за адзінства. “Вялікі дзякуй. Давайце маліцца адно за аднаго, благаслаўляць адно аднаго. І давайце пілігрымаваць разам”, - такімі словамі завяршыў сустрэчу Папа.

Маскоўская дэлегацыя прыбыла ў Рым для ўдзелу ў другім пасяджэнні рабочай групы Рускай Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла ў Італіі ў рамках Форуму-дыялогу грамадзянскіх супольнасцяў Расіі і Італіі. Тэма цяперашняй сустрэчы – пілігрымкі і рэлігійны турызм. Праваслаўную групу ўзначаліў старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата, Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён.

Форум грамадзянскіх супольнасцяў Расіі і Італіі быў створаны па ініцыятыве Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і прэм’ер-міністра Італіі Сільвіё Берлусконі ў 2004 г. і з’яўляецца пляцоўкай, якая, аб'ядноўваючы рэлігійных і грамадскіх дзеячаў абедзвюх краін.

У 2013 г. у рамках арганізацыі была заснавана каталіцка-праваслаўная рабочая група. У лютым 2017 г. прайшло яе першае пасяджэнне, прысвечанае духоўнаму і свецкаму мастацтву як інструменту ўмацавання згоды і ўзаемаразумення паміж народамі.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 мая 2018, 12:39