Cerca

Vatican News
71-я Генеральная асамблея Канферэнцыі Біскупаў Італіі 71-я Генеральная асамблея Канферэнцыі Біскупаў Італіі  (Vatican Media)

Пантыфік пра галоўныя праблемы Касцёла ў Італіі

Пантыфік 21 мая 2018 г. сустрэўся з Канферэнцыяй Біскупаў Італіі, каб падзяліцца сваімі ўражаннямі адносна актуальнай касцёльнай і грамадскай сітуацыяй.

На думку папы Францішка, крызіс пакліканняў у Італіі з’яўляецца атручаным плодам культуры часовасці, дыктатуры рэлятывізму і грошай. Таксама прычынамі такога становішча спраў ён назваў: трагічны спад нараджальнасці, які акрэсліў тэрмінам “дэмаграфічная зіма”, скандалы ў касцёльным асяроддзі і слабае сведчанне.

Ён прапанаваў італьянскім іерархам, каб дыяцэзіі, дзе колькасць святароў вышэйшая, падтрымалі тыя, дзе іх не хапае. Гэта можа стаць першай і канкрэтнай спробай пераадолення крызісу.

“Колькі семінарый, касцёлаў, кляштараў і абацтваў будуць зачынены ў бліжэйшыя гады па прычыне адсутнасці пакліканняў? Бог ведае. Як вельмі засмучае позірк на гэтую зямлю, якая на працягу стагоддзяў была настолькі ўрадлівай і шчодрай у прапанаванні місіянераў, манахінь, святароў, поўных апостальскага энтузіязму, якая разам з усім Старым Кантынентам уваходзіць у бясплоддзе пакліканняў, без эфектыўных рашэнняў. Спадзяюся, што іх шукае, але не можа знайсці”

- сказаў Папа.

Гаворачы аб беднасці, Францішак спаслаўся на св. Ігнацыя Лоёлу, які назваў яе маці і сцяной апостальскага жыцця. Маці, паколькі вядзе да карысці, а сцяной, таму што абараняе ад зла. Без беднасці, адзначыў Папа, няма ніякага апостальскага энтузіязму і жыцця ў служэнні іншым.

“Той, хто верыць, не можа гаварыць пра беднасць і адначасова жыць, як фараон. Часам можна ўбачыць такое. Гэта антысведчанне, калі гаворыцца пра беднасць і пры гэтым вядзецца раскошнае жыццё. Гэта скандал, калі грошы трацяцца без празрыстасці або калі касцёльныя даброты выкарыстоўваюцца, як асабістыя”

- сказаў Пантыфік і дадаў: "Мы абавязаны карыстацца імі ўзорным чынам, на аснове дакладных і адзіных правілаў, таму што некалі мы зробім справаздачу за гэта перад гаспадаром вінаградніку”.

Францішак таксама закрануў тэму колькасці дыяцэзій у Італіі, якіх больш за 250. Ён выказаў меркаванне, што гэта занадта шмат, і трэба распачаць працэс іх аб’яднання. Святы Айцец дадаў, што гэтая праблема не новая, яна закраналася яшчэ Паўлам VI і цягнецца занадта доўга. “Я думаю, - сказаў ён, - што настаў час, каб закрыць як мага хутчэй гэтую тэму”.

Канферэнцыя Біскупаў Італіі сабралася 21 мая 2018 г. у Рыме на сваё чатырохдзённае пленарнае пасяджэнне.

Папа наведаў пасяджэнне італьянскага епіскапату
Навіна ў фармаце аўдыё
22 мая 2018, 14:19