Бэта версія

Cerca

VaticanNews
Папа ўдзяляе сакрамэнт хросту. Ілюстратыўнае фота Папа ўдзяляе сакрамэнт хросту. Ілюстратыўнае фота  (AFP or licensors)

Францішак: быць удзячнымі за дар хросту

Быць удзячнымі за дар хросту, заклікаў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 2 мая 2018 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез аб першым хрысціянскім сакрамэнце, Пантыфік засяродзіў увагу на значэнні хрысцільнай вады, адрачэння ад зла і вызнання веры.

Кажучы пра ваду, Папа нагадаў, што яна з’яўляецца крыніцай жыцця і здароўя, а яе адсутнасць прыводзіць да знікнення ўсялякай плоднасці, як гэта адбываецца ў пустыні. У некаторых сітуацыях вада можа быць прычынай смерці, напрыклад, калі яе патокі выходзяць з берагоў і знішчаюць усё на сваім шляху. Акрамя таго, вада можа абмываць, змываць бруд, ачышчаць.

Спасылаючыся на словы св. Аўгустына, Францішак падкрэсліў, што ў сакрамэнце хросту адбываецца паліванне катэхуменаў вадой на знак ачышчэння ад грахоў праз Святога Духа. “Дзейнасць – вады, плёны – Святога Духа”, - патлумачыў ён. Менавіта таму Касцёл просіць Бога, каб спаслаў на хрысцільную ваду сваю ласку.

“Малітва благаслаўлення кажа, што Бог падрыхтаваў ваду, “каб яна выяўляла ласку святога хросту”, і нагадвае галоўныя біблійныя правобразы: напачатку свету над водамі ўзносіўся Божы Дух, каб зрабіць іх крыніцай жыцця (пар. Быц 1,1-2); воды патопу азначалі канец граху і пачатак новага жыцця (пар. Быц 7, 6-8,22); праз воды Чырвонага мора сыны Абрагама былі вызвалены з егіпецкай няволі (пад. Зых 14,15-31). У адносінах да Езуса прыгадваецца хрост у Ярдане (пар. Мц 3,13-17), кроў і вада, якія выцеклі з Яго боку (пар. Ян 19,31-37), і наказ вучням, каб хрысцілі ўсе народы ў імя Святой Тройцы (пар. Мц 28,19). Умацаваныя гэтымі ўспамінамі мы просім Бога, каб спаслаў на хрысцільную ваду ласку Хрыста, Які памёр і ўваскрос. Такім чынам, звычайная вада перамяняецца ў ваду, што нясе ў сабе сілу Святога Духа. І гэтай вадой, з сілай Святога Духа, мы хрысцім людзей: хрысцім дарослых, дзяцей, усіх...”, - сказаў Папа.

Пасля падрыхтоўкі вады неабходна падрыхтаваць да прыняцця сакрамэнту хросту таксама і сэрца. Гэта адбываецца праз адрачэнне ад злога і вызнанне веры – два чыны, блізка злучаныя паміж сабой, падкрэсліў Францішак.

“Наколькі я здольны сказаць “не” прапановам д’ябла – д’ябал, гэта той, хто стварае падзелы, – настолькі я здольны сказаць “так” Богу, Які кліча мяне стаць падобным да Яго ў думках і ўчынках. Д’ябал сее падзелы; Бог – заўсёды яднае ў супольнасць, яднае людзей у адзін народ. Немагчыма далучыцца да Хрыста, ставячы ўмовы. Неабходным з’яўляецца адарванне ад пэўных сувязяў, каб стаць здольным па-сапраўднаму заключыць іншыя”

- сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што некаторыя людзі, якія не да канца пазналі ўласную тоеснасць, спрабуюць жыць так, каб дагадзіць і Богу, і д’яблу. Папа падкрэсліў, што гэта недапушчальна. “Трэба разбурыць масты, пакідаючы іх за сваімі плячыма, каб стаць на новы Шлях, якім з’яўляецца Хрыстус”, - дадаў ён.

Папа заўважыў, што адрачэнне ад зла здзяйсняецца ад першай асобы, таксама як і вызнанне веры. “Гэта адказнае рашэнне, якое патрабуе выяўляення ў канкрэтных жэстах даверу да Бога. Акт веры накладае пэўныя абавязацельствы, прытрымлівацца якіх, у розных сітуацыях і жыццёвых выпрабаваннях, дапаможа сам хрост. Будзем памятаць старажытную мудрасць Ізраэля: “Сыне, калі маеш намер служыць Пану, то прыгатуй сваю душу на дасведчанні” (Сір 2,1), гэта значыць, падрыхтуйся да барацьбы. А Святы Дух дасць сілы, каб змагацца добра”, - запэўніў Францішак.

Напрыканцы катэхезы Папа заклікаў вернікаў, кожны раз, калі ўваходзяць у касцёл і дакранаюцца да асвячанай вады, каб зрабіць знак крыжа, з радасцю і ўдзячнасцю ўзгадваць аб дары святога хросту, які атрымалі, каб жыць заглыбленымі ў любоў Найсвяцейшай Тройцы.

02 мая 2018, 16:52