Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа скіраваў пасланне на Сусветны дзень місій

Зло – гэта правакацыя, каб любіць яшчэ больш, падкрэсліў Францішак у пасланні на Сусветны дзень місій. Дакумент быў апублікаваны 19 мая 2018 г. на тэму “Разам з моладдзю, будзем несці Евангелле ўсім”.

У пасланні Святы Айцец спасылаецца на досвед уласнай сям’і і юнацтва, падкрэсліваючы, што добра ведае “святло і цені быцця маладым чалавекам”.

“[Дарагая моладзь, не бойцеся Хрыста і Яго Касцёла! У іх знойдзеце скарб, які напоўніць жыццё радасцю. Кажу вам з уласнага досведу: дзякуючы веры я знайшоў фундамент для сваіх мараў і сілу, каб іх рэалізаваць]”

- падзяліўся з юнакамі і дзяўчатамі Пантыфік.

Паводле Францішка, для асобы, якая прабывае з Хрыстом, “зло – гэта правакацыя, каб любіць яшчэ больш”. “Многія мужчыны і жанчыны, многія маладыя людзі шчодра прынеслі сябе ў дар, часам аж да мучаніцтва, дзеля любові да Евангелля і служэння братам”, - нагадаў Папа і падкрэсліў, што вучыцца Божай логіцы трэба гледзячы на крыж Езуса.

Святы Айцец заўважыў, што галоўнай місіяй Касцёла з’яўляецца перадача веры, што павінна адбывацца праз “заражэнне любоўю”, а для гэтага патрэбны адкрытыя сэрцы. Любові немагчыма паставіць межы, яна вядзе да сустрэчы, сведчання, абвяшчэння і дзялення любоўю з усімі, хто далёка ад веры, хто з’яўляецца абыякавым, а часам варожым да яе, лічыць Папа.

Францішак пажадаў, каб хрысціянскае сведчанне пранікала ў розныя чалавечыя, культурныя і рэлігійныя перыферыі. Для гэтага неабходны людзі, здольныя прынесці ў дар свае жыцці, адказваючы на пакліканне Бога. Для маладога чалавека, які жадае ісці за Хрыстом, фундаментальным з’яўляецца пошук уласнага паклікання і адказ на яго, дадаў Святы Айцец.

Сусветны дзень місій адзначаецца кожную трэцюю нядзелю кастрычніка. Сёлета ён пройдзе 21 кастрычніка. У гэты дзень ва ўсіх парафіях свету збіраюцца ахвяраванні на душпастырскую дзейнасць святароў, законных асоб і свецкіх вернікаў, якія працуюць на місійных тэрыторыях.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 мая 2018, 17:43