Бэта версія

Cerca

VaticanNews
Папа падчас агульнай аўдыенцыі Папа падчас агульнай аўдыенцыі  (AFP or licensors)

Францішак: сцерагчы дары Духа, атрыманыя праз канфірмацыю

Сакрамэнт канфірмацыі ззяе ў святле хросту і рэалізуецца ў Эўхарыстыі, падкрэсліў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 30 мая 2018 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных канфірмацыі, Папа звярнуў увагу на “цесную сувязь гэтага сакрамэнту з усім хрысціянскім утаямнічаннем”. Ён заўважыў, што перш чым атрымаць духоўнае намашчэнне, якое пацвярджае і ўмацоўвае ласку хросту, асоба, якая атрымлівае канфірмацыю, паклікана абнавіць абяцанні, складзеныя калісьці бацькамі і хроснымі. Затым кандыдаты вызнаюць веру, адказваючы на адпаведныя пытанні біскупа.

“Паколькі прыйсце Святога Духа патрабуе сэрцаў, трываючых у малітве, пасля маўклівай малітвы супольнасці, біскуп, ускладаючы рукі на прымаючых канфірмацыю, просіць Бога спаслаць на іх Святога Духа Суцяшыцеля. Дух – той самы, але, прыходзячы да нас, Ён прыносіць з сабой багацце дароў: мудрасці, розуму, рады, мужнасці, умеласці, пабожнасці і святой боязі. Паводле прарока Ісаі, гэта сем цнотаў Духа, якія сышлі на Месію для выканання яго місіі. Таксама св. Павел кажа пра багатыя плады Духа, якімі з’яўляюцца “любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць”. Адзіны Дух раздае шматлікія дары, якія ўзбагачаюць адзіны Касцёл: Ён – Стварыцель разнастайнасці, а ў той жа час – Творца еднасці”, - падкрэсліў Папа.

Папа: дар Духа ўпадабляе да Хрыста

Францішак заўважыў, што згодна з традыцыяй, засведчанай апосталамі, Дух дапаўняе ласку хросту падчас ускладання рук. Гэты біблійны жэст дапаўняецца намашчэннем духмяным алеем, які называецца хрызмам і да сённяшняга дня выкарыстоўваецца як на Усходзе, так і на Захадзе.

“Алей з’яўляецца тэрапеўтычнай і касметычнай субстанцыяй, якая, уваходзячы ў тканкі цела, лечыць раны і напаўняе яго водарам. Па гэтай прычыне ён быў узяты біблійнай і літургічнай сімволікай, каб выказаць дзейнасць Святога Духа, Які асвячае і пранізвае ахрышчанага, аздабляючы яго харызматамі. Сакрамэнт удзяляецца праз намашчэнне хрызмам на чале, што біскуп робіць разам з ускладаннем рук, кажучы: “Прымі знак Дару Духа Святога”, - нагадаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што, атрымліваючы на чало знак крыжа, які робіцца духмяным алеем, чалавек, якога бежмуюць, атрымлівае нязмыўную духоўную пячатку, “характар”, які больш дасканала ўпадабляе яго да Хрыста і дае ласку распаўсюджвання сярод людзей “Хрыстовага водару”.

“Гэта незаслужаны дар Святога Духа, які мы павінны прымаць з удзячнасцю, робячы месца для Яго невычэрпнай творчасці. Гэта дар, які трэба рупліва сцерагчы, які трэба ўмацоўваць паслухмянасцю, дазвяляючы, каб ён фармаваў нас як воск сваёй нязгаснай любоўю “для адлюстравання Езуса Хрыста ў сучасным свеце”

- адзначыў Святы Айцец.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, Францішак, спасылаючыя на завяршэнне мая, прысвечанага ў Каталіцкім Касцёле асабліваму ўшанаванню Панны Марыі, пажадаў вернікам, каб Маці Божая заўсёды была прытулкам у радасныя і цяжкія хвіліны, каб дапамагала сем’ям станавіцца супольнасцю малітвы, узаемаразумення і дару.

Навіна ў фармаце аўдыё

Photogallery

Агульная аўдыенцыя 30 мая 2018 г.
30 мая 2018, 12:19