Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Папа: сэнс жыцця – бясконцая любоў Айца, Сына і Духа Святога

Аб маштабнасці Божай любові і абавязку хрысціян дэманстраваць яе свету, казаў Францішак 27 мая 2018 г. падчас медытацыі перад малітвай “Анёл Панскі”.

Папа засяродзіўся на тлумачэнні сэнсу ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы.

“Сёння, у нядзелю пасля Пяцідзесятніцы, мы адзначаем урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, - нагадаў Святы Айцец.- Гэта свята служыць больш глыбокаму сузіранню і праслаўленню таямніцы Бога Езуса Хрыста, Які есць адно ў камуніі трох Асоб: Айца, Сына і Духа Святога. Каб цэлебраваць з пастаянна новым захапленнем Бога, Які ёсць Любоў, і Які дае нам дарма сваё жыццё і просіць нас аб пашырэнні яго ў свеце.

Сённяшнія біблійныя чытанні дазваляюць нам зразумець, што Бог хоча не столькі паказаць, што Ён існуе, колькі, што Ён з’яўляецца “Богам з намі”, Які любіць нас, зацікаўлены нашай асабістай гісторыяй і клапоціцца пра ўсіх, ад самых малых і тых, хто жыве ў нястачы. Ён “Бог, на небе высока”, але і “на зямлі” (Дрг 4, 39). Таму мы верым не ў далёкую, абыякавую істоту, а ў Любоў, якая стварыла сусвет і спарадзіла народ, стала целам, памерла і ўваскрэсла з мёртвых дзеля нас, і як Дух Святы перамяняе і вядзе ўсё да паўнаты.

Святы Павел (Рым 8, 14-17), які асабіста спазнаў гэта пераўтварэнне, выкліканае Богам, які ёсць Любоў, кажа нам, што Ён хоча быць названы Айцом, а скарэй “Татам”, з поўным даверам дзіцяці, які прыціскаецца да пляча таго, хто даў яму жыццё. Апостал яшчэ раз нагадвае нам пра тое, што Святы Дух дзейнічае ў нас, што Езус Хрыстус не можа быць зведзены да асобы з мінулага, але што мы чуем Яго блізкасць, што Ён наш сучаснік, а мы адчуваем радасць ад таго, што мы дзеці, якіх любіць Бог.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра

І, нарэшце, у Евангеллі ўваскрослы Пан абяцае, што застанецца з намі назаўжды. І дзякуючы Яго прысутнасці і сіле Яго Духа, мы можам спакойна выконваць місію, давераную нам: абвяшчэнне і сведчанне Яго Евангелля ўсім, і, такім чынам, пашырэнне камуніі з Ім і радасці, якая выцякае з яе. Бог, ідучы разам з намі, напаўняе нас радасцю, а радасць ёсць першай мовай хрысціяніна.

Такім чынам, урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы прымушае нас сузіраць таямніцу Бога, Які ўсцяж стварае, адкупляе і асвячае, заўсёды з любоўю і з любові; і кожнай істоце, якая Яго прымае, дазваляе адлюстроўваць прамень сваіх прыгажосці, дабра і праўды. Ён вырашыў з самага пачатку пілігрымаваць з чалавецтвам і стварае народ, якія павінен стаць благаслаўленнем для ўсіх народаў і для кожнага чалавека, не выключаючы нікога. Хрысціянін – гэта не чалавек ізаляваны. Ён належыць да народу, які фарміруе Бог. Не можна быць хрысціянінам без гэтай прыналежнасці і камуніі. Мы – народ: народ Божы.

Няхай Панна Марыя дапаможа нам з радасцю выканаць місію па сведчанні свету, сасмагламу любові, што сэнсам жыцця з’яўляецца бясконцая і канкрэтная любоў Айца, Сына і Духа Святога”, - сказаў Папа.

На заканчэнне нядзельнай сустрэчы Францішак папрасіў сабраных на плошчы св. Пятра вернікаў аб малітве.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 мая 2018, 14:06