Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты  (ANSA)

Пантыфік: праца – гэта пакліканне чалавека, атрыманае ад Бога

Праца робіць чалавека падобным да Бога, таму што, працуючы, ён сам становіцца творцам, адзначыў Святы Айцец падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане 1 мая 2020 г., ва ўспамін св. Юзафа, рамесніка.

У сваёй гаміліі Папа пракаментаваў урывак з Кнігі Быцця (Быц 1, 1. 26-2,3), у якім апісваецца стварэнне чалавека паводле вобразу і падабенства Божага. Па словах Францішка, Бог запрасіў чалавека да супрацоўніцтва, калі перадаў у яго валоданне сваю дзейнасць і працу.

“Такім чынам, праца – гэта не што іншае, як працяг Божай справы: чалавечая праца – гэта пакліканне чалавека, атрыманае ад Бога з мэтай стварэння сусвету. І праца – гэта тое, што робіць чалавека падобным да Бога, таму што, працуючы, чалавек становіцца творцам, ён здольны ствараць (…) многія рэчы, у тым ліку, і сям’ю, каб рухацца наперад”, - сказаў Святы Айцец.

На думку Папы, праца нясе ў сабе дабро і, ствараючы прыгажосць, выяўляе гармонію рэчаў, аднак сёння яе годнасць моцна зневажаецца, бо вялікай колькасці выпадкаў яна пачала насіць прымусовы, несправядлівы і нізкааплатны характар, пазбаўляючы людзей пачуцця годнасці.

“Сёння існуе шмат нявольнікаў, шмат людзей, несвабодных у сваёй працы: яны вымушаны працаваць, каб выжыць, і нічога больш”

, - сцвердзіў Пантыфік.

Пра такія формы нявольніцтва мы не толькі чуем, але можам назіраць у сваім асяродку, сярод работнікаў-падзёншчыкаў, якія працуюць па 12-14 гадзін за мінімальную працу, сярод занятых хатняй працай, якія не атрымліваюць за яе справядлівай платы, не маюць стабільнай сацыяльнай падтрымкі і не могуць разлічваць на пенсію.

Несправядлівасць у працоўнай сферы зневажае чалавечую годнасць і вядзе да дыктатарства і насілля. Божае ж пакліканне да працы – цудоўнае, і, каб яго выконваць, патрэбны годныя і справядлівыя ўмовы, - сцвердзіў Папа.

Пантыфік заахвоціў маліцца за ўсіх работнікаў, якія змагаюцца за справядлівасць на працоўных месцах, за ўсіх работадаўцаў, якія ставяцца да працаўнікоў як да сваіх дзяцей і імкнуцца не дапускаць звальнення.

“Просім св. Юзафа (…), каб дапамог нам змагацца за годнасць працы, каб праца была для ўсіх і была годнай, не нявольніцкай”, - заклікаў Францішак.

На завяршэнне св. Імшы Пантыфік правёў кароткую Эўхарыстычную адарацыю і ўдзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Вернікаў, якія бралі ўдзел у літургіі з дапамогай сродкаў камунікацыі, Папа заахвоціў прыняць св. Камунію духоўным чынам.

Запіс трансляцыі ранішняй св. Імшы (01.05.2020)
01 мая 2020, 14:02
Увесь кантэнт >