Уваскрослы Хрыстус аб'яўляецца вучням Уваскрослы Хрыстус аб'яўляецца вучням 

Пантыфік пра выбар паміж радасцю ўваскрасення і тугой па магіле

Заўсёды існуе выбар паміж радасцю ўваскрасення і тугой па магіле, - падкрэсліў Францішак у гамілі падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 13 красавіка 2020 г. цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

Спасылаючыся на літургічнае чытанне з Евангелля св. Мацвея (28,8-15), Папа нагадаў, што першымі пустую магілу пасля ўваскрасення Хрыста ўбачылі жанчыны. Яны не мелі сумневаў у тым, што адбылося, таму адразу пачалі сведчыць, што Езус уваскрос і жыве сярод нас.

Супрацьлеглае іх выбару рашэнне прынялі першасвятары і кніжнікі, якія вырашылі, што “лепш не жыць з пустой магілай”. Па гэтай прычыне яны пастанавілі схаваць факт уваскрасення з дапамогай грошай, заплаціўшы сведкам за маўчанне. Гэта сапраўдная карупцыя, - заўважыў Папа.

“Гэта праўда, што шмат людзей не вызнае Езуса, бо не ведае Яго, бо мы не абвяшчалі Яго з паслядоўнасцю; і гэта наша віна. Але, калі перад абліччам відавочнага, выбар здзяйсняецца на карысць іншага шляху – гэта шлях д’ябла, шлях карупцыі: плацім грошы і прымушаем да маўчання”, - сказаў Пантыфік.

Францішак зазначыў, што такі выбар паўстае перад абліччам перспектывы заканчэння актуальнай пандэміі: ці будзе ён зроблены “на карысць жыцця, уваскрасення народаў, ці на карысць грошай, каб вярнуцца ў магілу голада, рабства, войнаў, вытворчасці зброі, неадукаванасці сярод дзяцей…”.

На заканчэнне гаміліі Святы Айцец пажадаў, каб Пан заўсёды прысутнічаў у нашым асабістым і супольным жыцці, і дапамагаў рабіць выбар на карысць дабра людзей, а не на карысць грошай.
 

13 красавіка 2020, 10:19
Увесь кантэнт >