Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Папа: хрысціянства – не стыль паводзінаў, а сустрэча з Богам

Калі наша туга па Богу сустракаецца з Езусам, тады пачынаецца наша поўнае жыццё і сапраўдны хрысціянскі шлях, - заўважыў Францішак падчас св. Імшы 26 красавіка 2020 г. у капліцы сваёй рэзідэнцыі.

У гаміліі Папа пракаментаваў літургічны ўрывак з Евангелля св. Лукі (24,13-35), у якім распавядаецца пра сустрэчу Езуса з вучнямі з Эмаус, якія пазналі Пана толькі пры ламанні хлеба.

Францішак зазначыў, што хрысціянства – гэта не толькі вучэнне, гэта не стыль паводзінаў і не культура, але, у першую чаргу, сустрэча. Гэта сустрэча з Богам, які выйшаў насустрач людзям. Паводле Святога Айца, хрысціянін – гэта чалавек, які адкрыты на сустрэчу з Панам.

Пантыфік прыгадаў, што “мы былі народжаны з зернем неспакою” у душы. Наша сэрца прагне сустрэчы з Богам і ўвесь час шукае Яго. Бог таксама прагне сустрэчы з чалавекам. Для Яго гэта важна настолькі, што Ён паслаў свайго Сына Езуса да людзей. Пан зрабіў гэта, каб выйсці насустрач таму неспакою, што чалавек носіць у сэрцы.

Папа заўважыў, што Бог заўсёды паважае рытм чалавека і не навязвае сябе. Ён мае цярплівасць, заўсёды крочыць побач, слухае тое, што непакоіць людзей і ведае пра іх турботы.

“Пан суправаджае нас, бо прагне сустрэчы з намі. Таму мы можам сказаць, што сутнасць хрысціянства – гэта сустрэча, сустрэча з Езусам. Чаму ты хрысціянін? Чаму ты хрысціянка? – Шмат людзей не ведаюць адказу на гэта пытанне. Хтосьці скажа, што ў сілу традыцыі, хтосьці не зможа адказаць: яны сустрэлі Езуса, але яшчэ не распазналі, што гэта была сустрэча з Ім. Езус заўсёды нас шукае, а мы носім у сэрцы неспакой. І калі наш неспакой сустракае Езуса, тады пачынаецца жыццё ў ласцы, поўнае жыццё, хрысціянскі шлях…”, - заўважыў Пантыфік.
 

26 красавіка 2020, 10:23
Увесь кантэнт >