Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты 

Папа: барані Божа ад свецкасці грошай, ганарыстасці і плётак

Ранішнюю св. Імшу 21 красавіка 2020 г. Францішак адправіў у інтэнцыі выкарыстання часу пандэміі, пазначанага цішынёй і маўчаннем, для развіцця асабістага ўмення слухаць.

Тэмай гаміліі стала гармонія, якую Дух Святы прыносіць супольнасці, і тры спакусы, што выклікаюць падзел паміж паслядоўнікамі Хрыста.

“Нарадзіцца звыш – азначае нарадзіцца сілай Духа Святога. Не можам затрымаць Яго для сябе, мы павінны дазволіць Яму змяніць нас”, - сказаў Папа падчас прамой трансляцыі з капліцы Дома св. Марты.

“У гэты перыяд пануе вялікая цішыня. Яе нават можна пачуць. Няхай тая цішыня, якая стала нечым новым у нашых звычках, навучыць нас слухаць, прымусіць нас расці ў нашай здольнасці слухаць. Давайце маліцца за гэта”

, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу ўдзельнікаў літургіі на лад жыцця першай супольнасці хрысціян, апісаны ў чацвёртым раздзеле Дзеяў Апосталаў (4, 32-37): “яны былі адзіныя сэрцам і душою, і ніхто не называў уласным нічога з маёмасці сваёй, што яму належала, але ўсё ў іх было супольнае”. Прапаведнік падкрэсліў, што гэты ідэал з’яўляецца не фантазіяй, а сведчаннем таго, як далёка можна пайсці, “калі дазволіць Духу Святому ўвайсці і перамяніць нас”.

“Гэта праўда, што праблемы ўжо пачынаюцца, але Пан паказвае нам, чаго можам дасягнуць, калі адкрыемся для Духа Святога, калі будзем паслухмяныя Яму. Мы бачым гармонію ў першай супольнасці. Дух Святы – гэта настаўнік гармоніі, Ён здольны ствараць яе, і Ён стварыў яе тут. Ён павінен зрабіць гэта ў нашым сэрцы, павінен шмат што змяніць, і стварыць гармонію. Таму што Сам Ён – гэта гармонія”, - разважаў Францішак.

Запіс трансляцыі ранішняй св. Імшы (21.04.2020)

Святы Айцец прызнаў, што гэта ідэал, пэўная мадэль. Пан даў нам прыклад “нябеснай” супольнасці, да якой мы пакліканы імкнуцца настолькі, наколькі гэта магчыма. Але мы ведаем, што сярод першых хрысціян неўзабаве пачаліся падзелы, што апісваецца ўжо ў Дзеях Апосталаў.

“Ідэал павінен быць дасягнуты”, - лічыць Святы Айцец, але гэта няпроста: ёсць шмат рэчаў, якія дзеляць супольнасць, парафіяльную і дыяцэзіяльную, святарскую і манаскую.

Папа налічыў тры прычыны такіх падзелаў, першая з якіх – грошы. Ужо апосталы Якуб і Павел пішуць у сваіх пасланнях пра розныя выпадкі фаварытызму, заснаванага на розніцы паміж беднымі і багатымі.

“Вельмі часта ў гісторыі Касцёла за дактрынальнымі скажэннямі – не заўсёды, але часта – стаяць грошы. Грошы дзеляць супольнасць. Менавіта таму беднасць – маці супольнасці, беднасць – сцяна, якая яе абараняе. Грошы і асабістыя інтарэсы дзеляць”

, - лічыць Святы Айцец. Ён дадаў, што гэта тычыцца і сем’яў, што пацвярджае наяўнасць канфліктаў вакол спадчыны.

Другой прычынай прапаведнік назваў ганарыстасць, жаданне адчуваць сябе лепшым за іншых. “Колькі разоў – не заўсёды, але колькі разоў – цэлебрацыя сакрамэнту становіцца прыкладам ганарыстасці, хто лепш апрануты...”, - заўважыў Папа.

Нарэшце, трэцяя прычына – плёткі. “Не першы раз, калі я кажу пра гэта”, - зазначыў Францішак, - але гэта рэальнасць. Гаворка ідзе нешта, што д’ябал сее ў нас як жаданне абгаворваць іншых”.

“Але Дух Святы заўсёды прыходзіць са сваёй сілай, каб выратаваць нас ад гэтай свецкасці грошай, ганарыстасці і плётак. Бо Дух Святы не з гэтага свету. Ён здольны здзяйсняць такія цуды”, - падсумаваў Святы Айцец.

21 красавіка 2020, 11:46
Увесь кантэнт >