Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (ANSA)

Пантыфік: самаўпэўненасць можа стаць ідалам

Упэўненасць – гэта ласка, але толькі тады, калі яна дапаўняецца еднасцю з Богам, падкрэсліў Святы Айцец падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 14 красавіка 2020 г. у Доме св. Марты.

У гаміліі Папа пракаментаваў літургічнае чытанне з кнігі Дзеяў Апосталаў (2, 36-41), у якім св. Пётр заклікаў юдэяў да навяртання: “Езуса, якога вы ўкрыжавалі, Бог зрабіў і Панам, і Месіяй”. Пачуўшы гэта многія пачыналі каяцца і навяртацца.

“Навяртацца – значыць зноў станавіцца верным. Вернасць, гэта не агульнапрынятая рыса ў жыцці людзей, у нашым жыцці. Заўсёды існуюць ілюзіі, якія часта прыцягваюць увагу, і з’яўляецца жаданне ісці за імі. Вернасць: у добрыя і кепскія часы!”, - сказаў Папа.

Пантыфік прызнаўся, што яго заўсёды ўражвала апавяданне з Другой Кнігі Кронікаў пра караля Рабаама, які, пасля ўмацавання свайго валадарства, стаў занадта ўпэўненым, аддаліўся ад Божага Закону і ўвесь Ізраэль пайшоў за ім.

Гэта гістарычны факт, але і з’ява ўсіх часоў, - заўважыў Францішак. “Вельмі часта, калі адчуваем сябе ўпэўненымі, пачынаем рэалізаваць нашы задумы і паступова аддаляемся ад Пана, не застаёмся вернымі. Мая ўпэўненасць – гэта не тая, якая паходзіць ад Пана. Гэта ідал. Гэта тое, што адбылося з Рабаамам і народам Ізраэля”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што ўпэўненасць – гэта ласка, але толькі ў тым выпадку, калі яна дапаўняецца еднасцю з Богам. Калі ставім у цэнтр саміх сябе – аддаляемся ад Яго.

“Вельмі цяжка захаваць вернасць. Уся гісторыя Ізраэля, а потым і ўся гісторыя Касцёла, поўныя нявернасці. Поўныя эгаізму, самаўпэўненасці, якая прымушала народ адыходзіць ад Пана, губляць вернасць, ласку вернасці. І таксама паміж намі, паміж людзьмі, вернасць не з’яўляецца важнай каштоўнасцю...”, - з жалем зазначыў Святы Айцец.

Спасылаючыся на літургічнае чытанне з Евангелля св. Яна, Папа падкрэсліў, што ў ім паказана сапраўдная “ікона вернасці” – Марыя Магдалена, жанчына, якая не забыла ўсяго таго, што Езус зрабіў для яе, і засталася побач з Ім да канца, нават перад абліччам трагедыі, нават перад абліччам немагчымага.

Папа заклікаў вернікаў, якія сачылі за прамой трансляцыяй літургіі з капліцы Дома св. Марты, маліцца аб ласцы вернасці і яе захаванні.
 

14 красавіка 2020, 11:28
Увесь кантэнт >