Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (ANSA)

Францішак: сведчанне і малітва робяць кожнага верніка місіянерам

Без умяшання Нябеснага Айца, немагчыма пазнаць таямніцу Хрыста, - падкрэсліў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 30 красавіка 2020 г. цэлебраваў у капліцы Дома св. Марты.

У гаміліі Францішак пракаментаваў літургічнае чытанне з Кнігі Дзеяў Апосталаў (8, 26-40), у якім гаворка ідзе пра сустрэчу Філіпа з вяльможам эфіопскай каралевы Кандакі. Эфіоп хацеў зразумець значэнне слоў прарока Ісаі, які прадказваў пакорнае прыняцце смерці Езусам, а калі апостал растлумачыў яму прароцтва, папрасіў аб хросце.

Спасылаючыся на евангельскае чытанне (Ян 6, 44-51), Францішак заўважыў, што менавіта Нябесны Айцец абуджае ў людзях жаданне пазнаць Езуса: без Яго ўмяшання, пазнаць таямніцу Хрыста немагчыма. Менавіта так адбылося з эфіопскім вяльможам, у сэрцы якога Бог пасяліў неспакой падчас чытання Святога Пісання.

Францішак заўважыў, што гэта тычыцца таксама місійнай дзейнасці Касцёла. Не мы скіроўваем людзей да веры, а Бог прыцягвае іх да сябе. Мы можам толькі даваць сведчанне веры і маліцца аб поспеху распаўсюджвання Евангелля.

Сведчанне і малітва – абавязковыя. Без іх павучальная пропаведзь і добрыя ўчынкі не стануць евангелізацыяй. Сэнс нашай апостальскай дзейнасці заключаецца ў тым, каб без празелітызму, праз сведчанне і малітву дапамагаць Нябеснаму Айцу прыцягваць людзей да Хрыста.

Святы Айцец заўважыў, што гэта пакліканне тычыцца не толькі місіянераў, а ўсіх хрысціян. Таму ён заклікаў вернікаў задумацца пра свой лад жыцця і маліцца, каб Бог дакранаўся да сэрцаў людзей і прыцягваў іх да сябе.

Ва ўступе да літургіі Папа заклікаў асаблівым чынам маліцца за ананімных ахвяр пандэміі каронавіруса, часта пахаваных у брацкіх магілах, фотаздымкі якіх усё часцей з’яўляюцца ў СМІ.
 

30 красавіка 2020, 12:04
Увесь кантэнт >