Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты 

Францішак: часта самасуд пачынаецца з нашых заўваг і плётак

“Праўда – гэта сведчанне таго, што рэальнае, таго, у што верыць чалавек. Праўда зразумелая і празрыстая. Праўда не пераносіць прэсінгу”, - адзначыў Папа 28 красавіка 2020 г. падчас ранішняй св. Імшы.

У гаміліі Францішак спаслаўся на ўрывак з Дзеяў Апосталаў (7, 51-8,1), у якім Стэфан мужна размаўляе з старэйшынамі і кніжнікамі, якія асуджаюць яго на падставе ілжывых сведчанняў, а ў выніку, забіваюць камянямі. Святы Айцец падкрэсліў, што мы маем дачыненне з сапраўдным самасудам: пачынаецца з жорсткасці і ілжывых сведчанняў і заканчвацца так званай “справядлівасцю”. Ён дадаў, што часам натоўп, які выносіць прысуд, хоча, каб ён быў санкцыянаваны нейкім суддзёй, менавіта таму Езус аказаўся перад Пілатам.

“Тое ж мы бачым і сёння, у некаторых краінах, калі хочуць зрабіць дзяржаўны пераварот ці адхіліць ад выбараў палітыка. Гэта робіцца так: ілжывыя навіны, паклёп, тады справа трапляе да суддзі, аднаго з тых, хто любіць рэалізаваць судовую практыку паводле моднага зараз “сітуацыйнага” пазітывізму, а потым выносіцца прысуд. Гэта грамадскі самасуд”, - заўважыў Папа.

Запіс трансляцыі ранішняй св. Імшы (28.04.2020)

Францішак узгадаў выпадак Асіі Бібі, хрысціянкі з Пакістана, асуджанай несправядліва за нібыта блюзнерства супраць Мухамеда, вызваленай нядаўна пасля 10 гадоў пазбаўлення волі.

“На фоне гэтай лавіны ілжывых паведамленняў, якія фарміруюць грамадскую думку, вельмі часта нічога нельга зрабіць”, - адзначыў Святы Айцец. Ён нагадаў, што таксама вынішчэнне нацыстамі яўрэяў пачалося з прапаганды і хлуслівых абвінавачванняў.

“Праўда іншая – гэта сведчанне таго, што рэальнае, таго, у што верыць чалавек. Праўда зразумелая і празрыстая. Праўда не пераносіць прэсінгу”

, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак заклікаў звярнуць увагу на нашу мову: “Часта нашымі заўвагамі мы пачынаем самасуд. І ў нашых хрысціянскіх установах мы бачым шмат судоў Лінча, якія сталі вынікам плётак. Няхай Пан дапаможа нам быць справядлівымі ў нашых ацэнках, каб мы не ішлі за гэтым жудасным асуджэннем, выкліканым плёткамі”, - сказаў Святы Айцец у канцы гаміліі.

Літургія завяршылася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і эўхарыстычным благаслаўленнем. Папа заклікаў вернікаў, якія ўдзельнічалі ў прамой трансляцыі, прыняць св. Камунію духоўным чынам.
 

28 красавіка 2020, 12:13
Увесь кантэнт >