Францішак падчас споведзі. Ілюстрацыйнае фота Францішак падчас споведзі. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Айцец: пачуццё сораму на споведзі – гэта Божая ласка

9 сакавіка 2020 г. у сваёй гаміліі Святы Айцец разважаў над першым літургічным чытаннем з Кнігі прарока Даніэля, нагадаўшы, што кожны вернік павінен прызнаваць сябе грэшнікам.

Першае чытанне прарока Даніэля – гэта вызнанне грахоў: “Мы зграшылі, учынілі беззаконне, паступілі несправядліва, узбунтаваліся і адышлі ад запаведзяў Тваіх і пастановаў”, - нагадаў Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты. Ён спаслаўся на сакрамэнт споведзі, перад якім вернік павінен зрабіць рахунак сумлення, падставай якога з’яўляецца прызнанне ў граху.

Пайсці на споведзь – гэта не проста выкласці перад святаром спіс сваіх грахоў і забраць з сабой прабачэнне. Справа не ў гэтым, – патрэбны яшчэ адзін крок: глыбокае прызнанне сваёй нікчэмнасці. Прарок Даніэль кажа: “У Цябе, Пане, справядлівасць, а ў нас – сорам на абліччы”.

Калі мы шчыра ўсведамляем і раскайваемся ў сваіх грахах, у нашым сэрцы павінна зарадзіцца пачуццё сораму, і гэта – ласка, пра якую заўсёды варта прасіць Бога, - адзначыў Святы Айцец.

“Чалавек, які страціў сорам, страчвае маральны аўтарытэт, губляе павагу да сябе з боку іншых: становіцца бессаромным”

, - заўважаў Францішак.

Ён дадаў, што тое ж адбываецца і ў нашых адносінах з Богам: грэх павінен адбівацца на нашых тварах фарбай сораму, каб потым сустрэцца з Божай міласэрнасцю. “А ў Пана Бога нашага міласэрнасць і прабачэнне”, - кажа прарок.

Ранішнія св. Імшы Папы ў бліжэйшыя дні ў прамым эфіры будуць трансліраваць праз свае стрымінгавыя платформы ў інтэрнэце Vatican Media і Vatican News. Аб гэтым папрасіў сам Францішак, жадаючы выказваць штодзённую блізкасць да людзей, якія пакутуюць ад каронавіруса.

“У гэтыя дні я буду цэлебраваць Эўхарыстыю ў інтэнцыі людзей, заражаных коронавіруснай інфекцыяй, урачоў, медсясцёр, валанцёраў, якія нясуць ім вялікую дапамогу, сваякоў, пажылых, зняволеных, пазбаўленых волі”, - паведаміў Пантыфік.

Відэа Эўхарыстыі з капліцы Дома св. Марты
Навіна ў фармаце аўдыё
09 сакавіка 2020, 13:23
Увесь кантэнт >