Пошук

Vatican News
Францішак завяршае літургію благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам

Пантыфік на ранішняй св. Імшы: вярніся да таты, вярніся да Айца!

Францішак заклікаў размаўляць з Богам не як з суддзёй, але як з добрым Айцом, які заўсёды любіць і даруе. Падчас ранішняй Эўхарыстыі ён маліўся за медработнікаў і ўлады, якія змагаюцца з каронавірусам.

Ва ўступленні да літургіі Папа спаслаўся на паведамленне, якое атрымаў ад аднаго з святароў з Бергама, што прасіў маліцца за медыкаў з Бергама, Трэвілья, Брэшыа і Крэмоны, знясіленых працай. “І дактары, і медыцынскія работнікі, і добраахвотнікі ў сферы аховы здароўя, і ўлады з’яўляюцца стаўпамі грамадства, якія дапамагаюць нам рухацца наперад і абараняюць нас у гэтым крызісе. Трэба маліцца за іх”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Каментуючы першае чытанне з Кнігі прарока Осіі (Ос 14, 2-10), Францішак прызнаўся, што, калі ён чытае або слухае гэты ўрывак, які пачынаецца са слоў: “Вярніся, Ізраэль, да Пана Бога свайго...”, узгадвае песню, якую спявалі 75 гадоў таму ў італьянскіх сем’ях у Аргентыне: “Вярніся да таты. Ён заспявае табе калыханку”. Папа падкрэсліў, што Бог – наш Айцец, а не суддзя, і звязаў гэты фрагмент са Старога Запавету з прыпавесцю пра блуднага сына і міласэрнага бацьку ў 15 раздзеле Евангелля св. Лукі.

“Вярніся да таты, вярніся да Айца! Ён чакае цябе. Да нас скіравана Божая пяшчота, асабліва ў Вялікім посце. Самы час задумацца над сабой і ўспомніць пра Айца або вярнуцца да таты”

, - заклікаў Францішак.

Святы Айцец працытаваў Божае абяцанне з Кнігі Осіі: “Я вылечу іхнюю нявернасць, сардэчна палюблю іх, бо адвярнуўся ад іх Мой гнеў”. Ён падкрэсліў, што Бог пяшчоты сапраўды вылечыць нас ад шматлікіх жыццёвых раненняў, многіх дрэнных рэчаў. “Ён можа змяніць нас, можа змяніць наша сэрца, але хоча, каб першы крок зрабілі мы самі: вярнуліся”, - адзначыў Святы Айцец, называючы гэта “вяртаннем дадому”.

Тады Папа нагадаў, што Вялікі пост заўсёды быў засяроджаны на навяртанні сэрца, якое ў хрысціянстве выражаецца ў сакрамэнтальнай споведзі. Гэта перыяд, калі Бог ачышчае нас і прымае сардэчна, - заўважыў ён.

Запіс трансляцыі св. Імшы з Францішкам (20.03.2020)

Францішак нагадаў, што многія вернікі ідуць на велікодную споведзь падчас Вялікага посту, але сёлета ў выніку каранцінных абмежаванняў гэта будзе немагчыма. Спасылаючыся на вучэнне Катэхізіса, ён заахвоціў: “Калі не знойдзеш святара, каб паспавядацца, раскажы ўсё Богу, Ён твой Айцец, скажы Яму праўду. (...) І папрасі Яго ўсім сэрцам аб прабачэнні, з актам жалю за грахі, абяцаючы Яму: “Паспавядаюся пазней, але даруй мне зараз”. І адразу вернешся да Божай ласкі”, - сказаў Папа.

“Было б добра, калі б сёння ў нашых вушах загучала слова “вярніся”, “вярніся да таты, вярніся да Айца”. Ён чакае цябе і зробіць для цябе свята”, - сказаў Пантыфік, завяршаючы гамілію.

Францішак завяршыў літургію адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, заклікаючы вернікаў, якія глядзелі тэлетрансляцыю, да прыняцця духоўнай св. Камуніі.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 сакавіка 2020, 14:05
Чытаць усё >