Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі 

Францішак: не лічыць сябе больш праведнымі за іншых

Маліцца з пакорай і не лічыць сябе больш праведнымі за іншых, - заклікаў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 21 сакавіка 2020 г. цэлебраваў у Доме св. Марты.

На пачатку літургіі, якая трансліравалася ў прамым эфіры ватыканскімі СМІ, Францішак заклікаў маліцца за сем’і з дзецьмі, каб знаходзячыся дома па прычыне каранціна, яны былі здольнымі добра камунікаваць паміж сабой, будаваць адносіны, прасякнутыя любоўю, а таксама разам перамагаць трывогу.

Каментуючы літургічнае чытанне з Кнігі прарока Осіі (6,1-6), Папа зазначыў, што ў ім гучыць заклік вярнуцца да Пана. Зрабіць гэта можна праз малітву, якой вучыць евангельская прыпавесць пра фарысея і мытніка (Лк 18,9-14), расказаная Хрыстом.

Францішак нагадаў, што фарысей зайшоў у святыню з упэўненасцю ў сваёй праведнасці, прыйшоў, каб сказаць Богу, які ён добры, каб пахваліцца сваімі ўчынкамі. Гэтымі паводзінамі ён быў падобны на старэйшага з братоў з прыпавесці пра блуднага сына, а таксама на багацея, абыякавага да лёсу жабрака Лазара, што ляжаў ля брамы яго дому. “Гэта людзі, якія ўпэўнены ў сабе, ці грошах, ці ўладзе”, - сказаў Папа.

Рэпартаж з капліцы Дома св. Марты

Звяртаючы ўвагу на паводзіны мытніка Пантыфік нагадаў, што ён, “стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка”. Гэты мытнік у чымсьці падобны на блуднага сына, - падкрэсліў Папа. У Евангеллі часта, людзі высакамерныя і самаўпэўненыя, супрацьпастаўляюцца пакорным, што просяць аб прабачэнні грахоў і Божай міласэрнасц, - дадаў ён.

Святы Айцец зазначыў, што ў евангельскай прыпавесці Езус вучыць нас пакорнай малітве. Бог можа прабачыць усе грахі, але Яму трэба, каб мы не хавалі іх. “Так трэба маліцца, з адкрытым сэрцам, нічога не хаваючы, не пакладаючы надзеі нават на тое, чаму навучыліся адносна малітвы... Маліцца трэба сам на сам, тварам у твар, з адкрытай душой. Гэтаму нас вучыць Пан...”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, у малітве трэба прызнаць уласную грахоўнасць перад Богам. У сваю чаргу апраўданне сябе – гэта праява пыхі, высакамернасці і самаўзвышэння.

“Калі пачынаем малітву з самаапраўдання, з самаўпэўненасці, гэта будзе не малітва, а размова з люстэркам. Аднак, калі пачнем маліцца з сапраўднай рэчаіснасці, кажучы: “я грэшнік, я грэшніца” – гэта будзе добры крок, каб дазволіць Пану паглядзець на нас. Няхай Езус навучыць нас гэтаму”, - сказаў Францішак на заканчэнне сваёй гаміліі.

Папа завяршыў цэлебрацыю адарацыяй і благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам, заклікаючы вернікаў да духоўнай св. Камуніі.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 сакавіка 2020, 10:46
Увесь кантэнт >