Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (© Vatican Media)

Папа: найбольшы ў Касцёле – той, хто служыць

Не можна адначасова жыць Евангеллем і ісці на кампрамісы з духам гэтага свету, які падштурхоўвае ўзвышацца і панаваць над іншымі, - заўважыў Францішак падчас ранішняй св. Імшы 25 лютага 2020 г.

У гаміліі Папа спаслаўся на словы Езуса, скіраваныя да вучняў, якія спрачаліся аб тым, хто з іх больш важны: “Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсіх слугою” (Мк 9,35). Пантыфік падкрэсліў, што спрэчкі, выкліканыя жаданнем добрай кар’еры, з’яўляюцца праявай духа гэтага свету, і нагадаў словы св. Якуба: “Калі нехта хоча быць сябрам свету, ён становіцца ворагам Бога” (Як 4,4).

“У Евангеллі няма кампрамісаў. А калі хтосьці хоча жыць паводле Евангелля, ідучы на кампрамісы, у выніку апынецца ў духу гэтага свету, якому заўсёды ўласцівы пошук кампрамісаў для будавання кар’еры, для панавання, для ўзвышэння”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Папа таксама звярнуў увагу на небяспеку зайздрасці, якая падштурхоўвае да знішчэння іншых. Ён нагадаў словы св. Якуба: “Адкуль войны і змаганні сярод вас? Хіба не з пажадлівасцяў вашых, якія змагаюцца ў частках вашых?” (Як 4,1). Пантыфік заўважыў, што гэтыя словы застаюцца актуальнымі ў наш час. Гаворка тут ідзе не толькі пра войны і ўзброеныя канфлікты, але і пра канкурэнцыю на працоўным месцы. Імкненне любым чынам зрабіць кар’еру прыводзіць да зайздрасці, а яна нараджае жаданне знішчыць іншага чалавека, ачарніць яго.

Святы Айцец падкрэсліў, што Езус бачыў такія памкненні ў сэрцах сваіх вучняў, таму і дакараў іх, заклікаючы служыць бліжнім, займаць апошнія месцы.

“Хто з’яўляецца самым важным у Касцёле? Папа, біскупы, мансеньёры, кардыналы, пробашчы самых лепшых парафій, кіраўнікі аб’яднанняў свецкіх вернікаў? Не! Найбольшым у Касцёле з’яўляецца той, хто служыць, а не той, хто мае больш тытулаў”, - падкрэсліў Францішак. Ён дадаў, што служэнне і пакора – адзіныя сродкі супраць духа гэтага свету.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 лютага 2020, 13:40
Увесь кантэнт >