Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Францішак: быць свабоднымі праз паслухмянасць Богу

Быць добрым хрысціянінам значыць быць паслухмяным таму, што Бог кажа пра справядлівасць, прабачэнне і міласэрнасць, - заўважыў Папа падчас ранішняй св. Імшы 20 студзеня 2020 г. у Ватыкане.

Францішак спаслаўся на першае літургічнае чытанне (1 Сам 15,16-23), у якім гаворыцца пра непаслухмянасць Саўла, які лічыў сваю “інтэрпрэтацыю” Божага слова “больш правільнай”, і не падпарадкаваўся загаду Пану, які забараніў рабаваць пераможаных амалекітаў. Саўл асабіста не ўзяў нічога, але яго людзі забралі авечак і валоў, каб прынесці ў ахвяру Богу. Самуэль, у сваю чаргу, нагадаў Саўлу што “паслухмянасць лепшая, чым ахвяры, а слухаць – лепш, чым прыносіць барані тлушч”.

Самуэль падкрэсліў “іерархію каштоўнасцей”, якая заключаецца ў тым, каб на першым месцы было “паслухмянае сэрца” і “падпарадкаванне” Богу, а не ахвярапрынашэнні, посты і ўчынкі пакаяння. “Грэх недахопу паслухмянасці”, паводле Папы, заключаецца менавіта ў чыненні сваёй волі, калі Бог кажа рабіць іншае. Францішак заўважыў, што прыкладам такой непаслухмянасці можа быць сітуацыя, калі чалавек кажа, што верыць у Бога, а сам, “для ўпэўненасці”, ідзе варажбаваць.

Рэпартаж з капліцы Дома св. Марты

“Калі ты ўпіраешся воле Пана, з’яўляешся ідалапаклоннікам, бо аддаеш перавагу таму свайму меркаванню, ідалу, а не воле Пана. Саўлу такая непаслухмянасць каштавала каралеўства: “Паколькі ты адкінуў слова Пана, Ён адкідае цябе як караля”. Гэта прымушае задумацца пра стан нашай паслухмянасці. Вельмі часта мы аддаем перавагу нашай інтэрпрэтацыі Евангелля і слова Пана, а не Евангеллю і слову Пана. Напрыклад, калі ўпадаем у казуістыку, маральную казуістыку... Гэта не воля Пана. Воля Пана – ясная. Пан дэманструе яе праз біблійныя запаведзі і дазваляе бачыць яе з дапамогай Святога Духа ў нашых сэрцах. Але калі я ўпіраюся і ператвараю слова Пана ў ідэалогію, з’яўляюся ідалапаклоннікам, не з’яўляюся паслухмяным...”, - сказаў ён.

Францішак спаслаўся на літургічны евангельскі ўрывак (Мк 2, 18-22), у якім Езус кажа, што “ніхто не налівае новага віна ў старыя мяхі”. Гэта, паводле Папы, падкрэслівае пастаянную навізну Божага слова. “Слова Пана перамагае ідалапаклонства, перамагае пыху і празмерную самаўпэўненасць”, у аснове якой ляжыць ідэалогія, - сказаў Папа. Ён прыгадаў словы Езуса: “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры” (Мц 9,13).

Пантыфік падкрэсліў, што быць “добрым хрысціянінам” значыць слухаць, што Бог кажа пра справядлівасць, любоў, прабачэнне, міласэрнасць, а не быць аслепленымі ідэалогіяй. “Быць хрысціянінам значыць быць свабоднымі праз давер да Бога”, - сказаў Святы Айцец на заканчэнне сваёй гаміліі.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 студзеня 2020, 13:44
Увесь кантэнт >