Пошук

Vatican News
Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дому св. Марты Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дому св. Марты  (ANSA)

Францішак: дух свету – нешта больш страшнае за грэх

Не давяраць духу свету, які не дазваляе адрозніваць дабро ад зла, і захоўваць, дзякуючы дапамозе Духа Святога, сувязь з Богам, заклікаў Папа 7 студзеня 2020 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

У гаміліі Францішак спаслаўся на чытанне з Першага паслання Яна (3, 22-4, 6), у якім апостал заклікае распазнаваць духаў, ад Бога яны ці ад свету.

Пантыфік адзначыў, што “можна жыць у самых грахоўных гарадах, у найбольш атэістычных грамадствах, але заставацца з Богам у сэрцы”, прыносячы збаўленне. Езус падчас Апошняй Вячэры не прасіў Айца забраць сваіх вучняў са свету, паколькі хрысціянскае жыццё працягваецца ў свеце, “але каб абараніць іх ад духа свету, які супрацьстаіць Духу Святому”. Ён дадаў, што дух свету – гэта нешта больш страшнае за грэх, паколькі ён звязаны з атмасферай несвядомасці, няздольнасці адрозніць дабро ад зла, забыцця пра тое, што грэх існуе.

Францішак заклікаў кожнага спытаць у сябе пра прысутнасць духа гэтага свету ва ўласным жыцці. Ён нагадаў параду апостала Яна: “Умілаваныя! Не кожнаму духу верце, але правярайце духаў, ці яны ад Бога, бо шмат ілжэпрарокаў з’явілася на свеце”.

“Калі ты нешта адчуваеш, калі хочаш нешта зрабіць, калі маеш ідэю, судзіш аб нейкай справе, падумай, ці тое, што адчуваеш, паходзіць ад Духа Святога ці духа свету”

, - заклікаў Святы Айцец.

Францішак са шкадаваннем адзначыў, што многія хрысціяне не думаюць пра тое, што адбываецца ў іх сэрцах. Менавіта таму апостал заахвочвае: “Не кожнаму духу верце, але правярайце духаў”. Папа заклікаў кожны дзень прысвячаць некаторы час разважанню на гэту тэму.

“Давайце прасіць ласку заставацца ў Пану і маліцца да Духа Святога, каб Ён пасадзейнічаў гэтаму і даў нам ласку адрозніваць духаў, таго, што намі рухае, каб наша сэрца было не шырокім шляхам, а месцам сустрэчы з Богам”, - заахвоціў Святы Айцец у канцы гаміліі.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 студзеня 2020, 14:55
Чытаць усё >