Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Святы Айцец: будаваць жыццё на добрым фундаменце

Калі будзем будаваць жыццё не на тым, што прамінае, а на скале, якой ёсць Пан, тады будзем шчаслівыя, - заўважыў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 5 снежня 2019 г. цэлебраваў у Ватыкане.

У гаміліі Папа спаслаўся на ўрывак з Евангелля св. Мацвея (Мц 7, 21.24-27), у якім Езус кажа пра мудрага чалавека, які збудаваў дом на скале, і параўноўвае яго з неразумным будаўнічым, дом якога, пабудаваны на пяску, упаў, як толькі “пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры”.

Францішак заўважыў, што скала – гэта Бог. “Хто давярае Яму, заўсёды будзе ў бяспецы, бо яго фундамент будзе стаяць на скале. (...) Давер з’яўляецца высакародным матэрыялам, таму фундамент канструкцыі нашага жыцця будзе бяспечным і моцным”, - патлумачыў Святы Айцец.

Жыццё ж, збудаванае на кепскім фундаменце, будзе нетрывалым перад абліччам катастроф і бураў, якія сустракае кожны чалавек, пачынаючы з самога Папы. “Як дамы, якія стаяць на кепскім фундаменце, падаюць, так адбываецца і ў нашым асабістым жыцці”, - зазначыў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў, што многія людзі, жадаючы змяніць жыццё, думаюць толькі пра яго вонкавы бок і знешнія перамены. А трэба пачынаць з фундамента, якім ёсць Бог. Хрысціянін, які клапоціцца выключна пра знешні выгляд, рана ці позна спазнае паразу, - папярэдзіў Францішак.

“Толькі Езус з’яўляецца надзейным фундаментам. Знешні выгляд тут не дапаможа. Гэта адчуваецца таксама ў канфесіянале: толькі той, хто прызнае сябе грэшнікам, слабым, прагне збаўлення, дэманструе, што яго жыццё збудаванае на скале, бо верыць і разлічвае на Езуса”, - звярнуў увагу Папа.

“Мы не можам будаваць наша жыццё на тым, што прамінае, на знешнім, робячы выгляд, што ўсё ў парадку. Пойдзем да скалы, дзе ёсць наша збаўленне. І тут будзем шчаслівыя, усе”, - заклікаў у сваёй гаміліі Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 снежня 2019, 12:07
Увесь кантэнт >