Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Святы Айцец пра грэх закрытасці ва ўласных справах

Адправіцца на сустрэчу з Панам ці закрыцца ва ўласных справах і інтарэсах: на працягу жыцця чалавек неаднаразова сустракаецца з такім выбарам і нярэдка выбірае другое, - заўважыў Папа.

Падчас ранішняй Эўхарыстыі, якая 5 лістапада 2019 г. прайшла ў капліцы ватыканскага Дома св. Марты, Пантыфік пракаментаваў евангельскае апавяданне пра чалавека, які запрасіў гасцей на вячэру, але ўсе яны, маючы ўласныя справы, адмовіліся (Лк 14, 15-24).

Папа заўважыў, што “вячэра, свята – гэта вобраз неба, вечнасці з Богам”. Там заўсёды прысутнічае аспект бескарыслівасці, бо запрашае сам Пан, таксама мы ніколі не ведаем з кім сустрэнемся. У такім кантэксце, аднак, знаходзяцца людзі, якія ставяць на першае месца ўласныя інтарэсы, пагарджаюць тым, хто іх запрашае, не жадаюць прыняць радасці сустрэчы з Ім, паддаюцца граху закрытасці ў сваіх справах.

“На жыццёвым шляху мы будзем шматкроць станавіцца перад такім выбарам: бескарыслівасцю Пана, магчымасцю наведаць Яго, сустрэцца з Ім ці закрыцца ў сваіх справах, сваіх інтарэсах. Вось чаму Хрыстус, гаворачы пра адну з форм закрытасці, казаў, што багатаму вельмі цяжка ўвайсці ў Валадарства Нябеснае. Але ёсць добрыя багатыя людзі, святыя, не прывязаныя да багаццяў. Большасць, аднак, прывязаныя да багацця, закрытыя. Таму не могуць зразумець, што такое свята: яны адчуваюць сябе ўпэўненымі толькі ў тым, да чаго могуць дакрануцца”, - заўважыў Францішак.

Святы Айцец заклікаў вернікаў задумацца над сваім выбарам: прыняць запрашэнне Пана ці закрыцца ў сваіх справах і дробязях. “Будзем жа прасіць Пана, каб даў нам ласку і здольнасць прымаць запрашэнне на Яго бескарыслівае свята”, - звярнуўся Папа на заканчэнне гаміліі.
 

05 лістапада 2019, 13:46
Чытаць усё >