Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Святы Айцец: мы ўсе маем дзверы, у якія аднойчы пастукае Пан

У апошні тыдзень літургічнага года Папа заклікаў вернікаў задумацца пра сустрэчу з Панам у момант смерці. Аб гэтым ён казаў падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты, 29 лістапада 2019 г.

У гаміліі Францішак спаслаўся на словы з літургічнага евангельскага чытання: “Неба і зямля пройдуць, слова ж Маё не праміне” (Лк 21,33). Ён заклікаў вернікаў падумаць пра завяршэнне свайго жыцця. Людзям уласціва адкладаць думкі пра гэты момант, мы лічым сябе вечнымі, але гэта не так, дадаў Пантыфік.

“Пан кажа нам быць падрыхтаванымі да сустрэчы, бо смерць – гэта сустрэча: гэта Ён прыходзіць адведаць нас, гэта Ён прыходзіць, каб узяць нас за руку і забраць з сабой. Я б не хацеў, каб гэтая пропаведзь стала пахавальным паведамленнем! Гэта проста Евангелле, гэта проста жыццё, гэта проста адзін чалавек кажа другому: мы ўсе ўразлівыя і ўсе маем дзверы, у якія аднойчы пастукае Пан”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што важна быць падрыхтаванымі да моманту “калі празвініць звон”. Ён заклікаў вернікаў маліцца адно за аднаго, каб былі гатовымі з даверам адкрыць дзверы, у якія пастукае Пан.

“Трэба маліцца, кажучы: “Пане, падрыхтуй маё сэрца да смерці, каб мог памерці ў супакоі, каб мог памерці з надзеяй”. Гэта слова заўсёды павінна спадарожнічаць нам у жыцці. Надзея павінна быць, каб жыць разам з Панам тут, а таксама, каб жыць разам з Ім па іншы бок. Будзем маліцца адзін за аднаго аб гэтым”, - заклікаў Францішак на заканчэнне гаміліі.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 лістапада 2019, 11:38
Увесь кантэнт >