Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Пантыфік: д’ябал існуе і сее нянавісць у свеце

Д’ябал існуе і праз зайздрасць да Божага Сына, Які стаў чалавекам, сее нянавісць і смерць у свеце, нагадаў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 12 лістапада 2019 г. цэлебраваў у Доме св. Марты.

У гаміліі Папа спаслаўся на словы з кнігі Мудрасці Саламона: “Бог стварыў чалавека для несмяротнасці, учыніў яго вобразам сваёй вечнасці. Але праз зайздрасць д’ябла ў свет увайшла смерць”.

Святы Айцец падкрэсліў што д’ябал сее ў сэрцах людзей рэўнасць, зайздрасць, дух саперніцтва, каб яны не жылі ў міры як браты. У выніку людзі ўзводзяць муры паміж сабой, на падабенства таго, які існаваў у Берліне, знішчаюць сваіх бліжніх, як рабілі нацысты ў часы Другой сусветнай вайны, або проста забіваюць з дапамогай плётак.

“За ўсім гэтым ёсць нехта, хто падштурхоўвае так рабіць. (...) Гэты нехта дакранаецца да твайго сэрца, каб прымусіць цябе ісці памылковым шляхам. Нехта, хто сее знішчэнне ў нашых сэрцах, хто сее нянавісць. І сёння мы павінны ясна сцвердзіць, што ў свеце ёсць вельмі шмат такіх сейбітаў, якія нясуць разбурэнне”, - заўважыў Папа.

Паводле Францішка, д’ябал зайздросціць таму, што Бог прыняў чалавечую прыроду. Гэтага ён зрабіць не можа і таму нішчыць, сее нянавісць і зло.

“Я хацеў бы, каб кожны з нас падумаў пра гэта: чаму ў свеце сёння сеецца так шмат нянавісці: у сем’ях, якія часам не могуць прымірыцца, у кварталах, на працоўных месцах, у палітыцы... Гэта ўсё сейбіт нянавісці. Праз зайздрасць д’ябла смерць увайшла ў свет...”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак заклікаў вернікаў умацоўваць у сабе веру ў Езуса Хрыста, каб перамагаць спакусы д’ябла, каб “не ўваходзіць у гульню гэтага страшнага зайздросніка, падманшчыка, сейбіта нянавісці”.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 лістапада 2019, 12:32
Чытаць усё >