Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Пантыфік: не дапускаць ператварэння веры ў ідэалогію

Важна не дапускаць ператварэння веры ў ідэалогію, падкрэсліў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 8 кастрычніка 2019 г. цэлебраваў у ватыканскім Доме св. Марты.

Папа спаслаўся на біблійную гісторыю прарока Ёны, які не паслухаўся Божага загаду прапаведваць у Нініве, сеў на карабель і адплыў у Тарсіс. У ходзе плавання адбылася бура, падчас якой Ёну выкінулі ў мора, дзе яго праглынула вялікая рыба, а праз тры дні і тры ночы, выпусціла на бераг.

Святы Айцец прыгадаў таксама пра другое пакліканне Ёны. На гэты раз ён адправіўся ў Нініву і паспрыяў навяртанню мясцовых жыхароў да Бога, Які, убачыўшы пакаянне гэтых людзей, змілаваўся над імі. У сваю чаргу Ёна “абурыўся супраць Пана, бо Ён быў занадта міласэрны і зрабіў цалкам адваротнае таму, чым пагражаў вуснамі самога прарока”, заўважыў Пантыфік.

Ёна спадзяваўся, што Бог знішчыць Нініву, таму выйшаў за горад і стаў чакаць. Але Пан зрабіў так, каб побач з ім вырасла вялікая расліна і схавала прарока ад сонца ў сваім ценю. Гэта дрэва, аднак, хутка засохла, у сувязі з чым Ёна пачаў зноў абурацца на Пана, а Бог яму адказаў: “Ты шкадуеш расліну, дзеля якой ты не працаваў і якой не вырошчваў, якая за адну ноч вырасла і за адну ноч загінула. Ці ж і Я не пашкадую Нініву, гэты вялікі горад...?”, - нагадаў Францішак.

Рэпартаж з капліцы Дома св. Марты

Паводле Пантыфіка, дыялог паміж Ёнам і Богам – гэта дыялог паміж “двума настойлівымі”. Толькі першы быў настойлівым у сваім разуменні веры, а другі – ў міласэрнасці. Папа заўважыў, што Ёна – гэта прыклад вернікаў, якія заўсёды ставяць умовы, маўляў, “я з’яўляюся хрысціянінам пры ўмове, што трэба рабіць так і так...”.

Францішак назваў такі падыход ерэтычным, бо ён закрывае шматлікіх хрысціян ва ўласных ідэях, якія ператвараюцца ў ідэалогію. Такія хрысціяне баяцца “расці, баяцца жыццёвых выклікаў, выклікаў Пана, выклікаў гісторыі”, яны “прывязаны да сваіх перакананняў, сваёй ідэалогіі”, аддаюць “перавагу ідэалогіі над верай” і аддаляюцца ад супольнасці, “баяцца аддацца ў рукі Бога і аддаюць перавагу асуджэнню ўсяго, з пазіцыі мізэрнасці ўласнага сэрца”, лічыць Пантыфік.

Напрыканцы гаміліі Папа заклікаў вернікаў маліцца, каб Пан захаваў ад такога стаўлення, таму што Бог прыйшоў, каб аздаравіць і збавіць людзей, а не для таго, каб асудзіць іх.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 кастрычніка 2019, 13:13
Увесь кантэнт >