Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Святы Айцец: любоў Бога – не з тэлесерыялаў

Любоў Бога да чалавека вельмі падобная да любові мацярынскай. Аб гэтым нагадаў Францішак падчас ранішняй св. Імшы, якую 31 кастрычніка 2019 г. цэлебраваў у Ватыкане.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на літургічнае чытанне з Паслання да Рымлянаў, у якім апостал Павел сцвярджае, што нават “прыгнёт, пераслед, голад, галеча, небяспека, меч” не здолеюць адлучыць нас ад любові Хрыста. Больш за тое – “над усім гэтым мы атрымліваем поўную перамогу праз Таго, хто палюбіў нас”.

Паводле Францішка, апостал глыбока зразумеў сілу Божай любові, якая не мае нічога супольнага з аргументамі, пра якія гаворыцца ў тэлесерыялах. У вернікаў, аднак, нярэдка ўзнікаюць сумневы адносна любові Бога, асабліва падчас выпрабаванняў – і яны нават гатовыя пакінуць Яго.

“Але Павел быў упэўнены, што Пан не пакіне ніколі. Ён зразумеў любоў Хрыста ў сваім жыцці. Гэта шлях, які нам паказвае Павел: шлях любові, пастаяннай, у добрай ці кепскай сітуацыі, заўсёды... Вось веліч Паўла”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Рэпартаж з капліцы Дома св. Марты

Пантыфік заўважыў, што Божая любоў да людзей падобная да мацярынскай любові: яна вельмі канкрэтная і ласкавая, што пацвярджаюць слёзы Езуса, пралітыя за грэшнікаў Ерузалема.

“Гэта любоў, якая заўсёды чакае, ставіцца з цярплівасцю, якая дала апошні шанс Юду, назваўшы яго “сябрам”, якая аж да канца давала яму магчымасць выйсця. Таксама і вялікіх грэшнікаў Ён да канца любіць з той жа ласкавасцю. Не ведаю, ці думаем пра Езуса настолькі ласкавага, пра Езуса, Які плача, як плакаў ля магілы Лазара, як плакаў, гледзячы на Ерузалем...”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 кастрычніка 2019, 12:54
Чытаць усё >