Пошук

Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (ANSA)

Францішак: надзея – паветра хрысціянскага жыцця

Імкнуцца да сустрэчы з Панам, каб вера не ператварылася ў “філасофскую дактрыну”, заклікаў Святы Айцец падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 29 кастрычніка 2019 г. у Ватыкане.

У гаміліі Папа спаслаўся на літургічнае чытанне з Паслання да Рымлянаў (8,18-25), якое назваў “гімнам надзеі”. У ім апостал Павел заклікае вернікаў глядзець наперад перад абліччам пакут, памятаючы, што “цярпенні цяперашняга часу нягодныя той славы, якая павінна выявіцца ў нас”.

Францішак заўважыў, што мець надзею падобна на тое як закінуць якар і моцна трымацца за яго вяроўку; мець надзею – значыць заўсёды быць скіраваным да сустрэчы з Панам, ведаючы, што мы “не можам звіць гняздо тут”.

“Калі хрысціянін губляе гэту перспектыву, яго жыццё становіцца статычным, а тое, што не рухаецца – псуецца. Падумаем пра ваду: калі яна стаячая, калі не бяжыць, не рухаецца – яна псуецца. Хрысціяніну без накірунку, без імкнення да іншага берагу, чагосьці не хапае. Ён закончыць тым, што сапсуецца. Для яго хрысціянскае жыццё стане філасофскай дактрынай. Ён будзе жыць ёй, будзе казаць, што гэта вера, але без надзеі яна такой не з’яўляецца”, - папярэдзіў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што ў параўнанні з верай і любоўю, “надзею зразумець цяжка”. Гэта “самая сціплая з цнотаў”, якую “могуць мець толькі бедныя”. “Калі хочам быць людзьмі надзеі, мы павінны стаць беднымі, не прывязанымі да нічога: беднымі і скіраванымі да іншага берагу. Надзея – сціплая, гэта цнота, над якой трэба працаваць штодзённа...”, - дадаў ён.

Зразумець як трэба жыць надзеяй, паводле Францішка, дапамагае евангельскі літургічны ўрывак, у якім Божае Валадарства параўноваецца з гарчычным зернем і закваскай (Лк 13,18-21), бо надзея патрабуе цярплівасці і здольнасці чакаць, патрабуе даверу да дзейнасці Святога Духа. Надзея павінна быць як паветра для хрысціянін, якія маюць давер да абяцанняў Пана, сказаў Папа на заканчэнне гаміліі.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 кастрычніка 2019, 13:04
Увесь кантэнт >