Cerca

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Францішак: Божае слова робіць хрысціяніна радасным

Адкрытасць сэрца на Божае слова напаўняе радасцю і дае сілу, падкрэсліў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 3 кастрычніка 2019 г. у капліцы ватыканскага Дома св. Марты.

У гаміліі Святы Айцец спаслаўся на літургічнае чытанне з кнігі Нээміі, у якім гаворыцца пра вялікую радасць, што агарнула выбраны народ, калі той, пасля доўгага перапынку, упершыню пачуў Божае слова.

Францішак заўважыў, што гэтыя людзі былі настолькі спрагнёныя па Божым слове, што як толькі ўбачылі кнігу Майсеевага Закону ў руках святара, адразу ўсталі, а потым плакалі ад радасці, калі слухалі. Той дзень стаў для юдэяў днём сустрэчы з Панам, якім для хрысціян з’яўляецца нядзеля, - дадаў Папа.

Пантыфік заклікаў прысутных на св. Імшы паразважаць пра ўласнае стаўленне да Божага слова. “Ці ўважлівы я да Божага слова? Дазваляю, каб яно дакранулася да майго сэрца ці разглядаю столю і думаю пра свае справы, у той час, як Слова ўваходзіць у адно вуха, а выходзіць з іншага, не трапляючы ў сэрца? Што раблю, каб падрыхтаваць шлях Божага слова да сэрца?”, - сказаў Святы Айцец.

“Божае слова робіць нас радаснымі, сустрэча з Божым словам напаўняе нас радасцю і гэта радасць ёсць маёй сілай, нашай сілай. Хрысціяне – гэта радасныя людзі, бо прынялі, упусцілі ў сэрца Божае слова і пастаянна з ім сустракаюцца, шукаюць яго. Вось сённяшняе пасланне для ўсіх нас...”, - падкрэсліў Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 кастрычніка 2019, 14:07
Чытаць усё >