Cerca

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Святы Айцец: спачуванне – мова Бога

Адкрыць сэрца на спачуванне і не закрывацца ў абыякавасці, заклікаў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 17 верасня 2019 г. у капліцы ватыканскага Дома св. Марты.

Каментуючы евангельскае апавяданне пра ўваскрасенне Езусам адзінага сына беднай удавы з Наіна (Лк 7, 11-17), Святы Айцец заўважыў, што гаворка тут ідзе пра спагаду.

“Спагада дазваляе бачыць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць; спагада – гэта нібыта павелічальнае шкло сэрца: яна дапамагае разумець сапраўднае вымярэнне. У Евангеллі Езуса вельмі часта ахоплівае спагада. Яна з’яўляецца таксама мовай Бога...”, - падкрэсліў Францішак.

Паводле Папы, спагада – гэта не проста жаль, які можа адчуць чалавек, напрыклад, пры выглядзе сабакі, што памірае на вуліцы, але “актыўнае ўключэнне ў праблему іншага”. Такое стаўленне ў адносінах да людзей меў Езус, напрыклад, калі здзейсніў цуд памнажэння хлябоў. Хрыстус заклікае сваіх вучняў браць цяжар праблем іншых людзей і не паддавацца абыякавасці.

“Як часта мы адварочваемся ў іншы бок... Такім чынам мы зачыняем дзверы для спагады. Мы можам зрабіць рахунак сумлення і спытаць сябе: ці не адварочваю я вачэй? Ці дазваляю, каб Святы Дух вёў мяне па шляху спагады, якая з’яўляецца цнотай Бога?”, - заахвоціў Францішак.

Папа заўважыў, што супакойваючы ўдаву з Наіна, Езус сказаў ёй простыя словы: “Не плач”, затым дакрануўся да насілак, на якіх неслі яе памерлага сына, і загадаў яму ўстаць, пасля чаго “аддаў яго маці ягонай”.

“Аддаць – гэта ўчынак справядлівасці. Гэта слова выкарыстоўваецца ў сферы правасуддзя: аддаць. Спагада вядзе нас да сапраўднай справядлівасці. Заўсёды трэба аддаваць тым, хто мае на гэта права. Гэта заўсёды бароніць нас ад эгаізму, абыякавасці, закрытасці ў саміх сабе...”, - звярнуў увагу Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 верасня 2019, 13:37
Чытаць усё >