Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Францішак заклікаў не паддавацца спакусе наракання

Не паддавацца спакусе наракання, якая пазбаўляе надзеі, заклікаў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 9 красавіка 2019 г. у ватыканскім Доме св. Марты.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на літургічнае чытанне з Кнігі Лічбаў (21,4-9), у якім распавядаецца, як выбраны народ, стаміўшыся ад вандравання па пустыні, згубіў цярплівасць, а таксама энтузіязм і надзею, звязаныя з вызваленнем з егіпецкай няволі, і пачаў наракаць супраць Майсея. “Дух стомленасці пазбаўляе надзеі”, - папярэдзіў Францішак.

Папа зазначыў, што стомленасць дзейнічае селектыўна: яна робіць так, што мы заўважаем толькі цяжкасці, а забываем пра тое добрае, якое атрымалі.

“[А калі мы ў роспачы, дарога становіцца нязноснай і пачынаем шукаць суцяшэння ў ідалах, нараканнях ці іншых рэчах (...) Гэты дух роспачы ў выпадку нас, хрысціян, прыводзіць да незадаволенасці...]”

, - сказаў Святы Айцец.

Паводле Францішка, некаторыя хрысціяне трываюць ва ўпадніцкім настроі, не разумеючы, што гэта “дасканалае поле для д’ябальскага пасеву”. Часам яны нават баяцца суцяшэння, надзеі, ласкавасці Пана і аддаюць перавагу таму, каб жыць у незадаволенасці, у пастаянным нараканні, няспынна крытыкуючы іншых людзей. Пантыфік заўважыў, што роспач паходзіць ад д’ябла – таго самага старажытнага змея, які спакусіў Еву, а потым спакушаў роспаччу выбраны народ у пустыні.

Святы Айцец перакананы, што ў нараканнях жывуць людзі, якія не маюць надзеі і не зносяць уваскрасення Езуса. Ён заклікаў вернікаў маліцца, каб не стаць хрысціянамі, якія баяцца надзеі і аздараўлення, прывязанымі да духа незадаволенасці, стомленасці і ўпадніцтва.

Рэпартаж з капліцы Дома св. Марты
Навіна ў фармаце аўдыё
09 красавіка 2019, 13:19
Увесь кантэнт >