Cerca

Vatican News
Папа Францішак Папа Францішак  (Vatican Media)

Святы Айцец: памятаць пра дабро, якое Пан учыніў нам

Не забывацца пра дабро, якое Пан учыніў нам на працягу жыцця, заклікаў Францішак падчас ранішняй св. Імшы, якую 7 сакавіка 2019 г. цэлебраваў у капліцы ватыканскага Дома св. Марты.

У гаміліі Святы Айцец спаслаўся на словы Майсея (Дрг 30, 15- 20), які, рыхтуючы выбраны народ да ўваходу ў Абяцаную зямлю, заклікаў яго не адварочваць сэрца ад Пана і не пакланяцца ідалам.

“Калі сэрца адварочваецца ад слушнага шляху, губляе кірунак, губляе компас, з якім павінна ісці наперад. А сэрца без компаса ўяўляе грамадскую небяспеку: яно небяспечнае як для самога чалавека, так і для іншых. Сэрца становіцца на памылковы шлях, калі не слухае, калі дазваляе іншым багам звесці сябе, калі пачынае пакланяцца ідалам”, - заўважыў Папа.

Паводле Францішка, ісці правільным шляхам дапамагае Вялікі пост. У гэты перыяд важна прасіць Пана аб ласцы памяці пра ўсе “вялікія справы, якія Ён учыніў у нашым жыцці, у сваім Касцёле”, не ўпадаць у амнезію, бо інакш, будзем жыць у ілюзіі, што з усім можам справіцца самі.

На думку Святога Айца, страта памяці бывае “селектыўнай”, калі мы памятаем пра тое, што нам выгодна і забываемся аб тым, што нам пагражае. Так было з выбраным народам у пустыні: ён памятаў, што Бог яго вызваліў, але наракаў на адсутнасць вады і мяса, жадаў таго, што меў у няволі.

Важна мець такую памяць, якая дапаможа крочыць па слушным шляху і не спыняцца, не дазваляць ідалам звесці сябе. “Ідалапаклонства – гэта такое стаўленне сэрца, пры якім перавага аддаецца больш зручнаму для мяне, а не для Бога, калі забываешся пра Яго. У самым пачатку Вялікага посту нам усім будзе карысна папрасіць аб ласцы захавання памяці аб усім, што Пан зрабіў у маім жыцці: наколькі Ён мне жадае дабра, наколькі любіць мяне. І, памятаючы пра гэта, крочыць наперад”, - завяршыў гамілію Святы Айцец.

Рэпартаж з капліцы Дома св. Марты
07 сакавіка 2019, 13:24
Чытаць усё >