Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Францішак: слухаць Пана, каб не зацвярдзела сэрца

Слухаць голас Бога, каб не дапусціць зацвярдзеласці сэрца і не дыскрэдытаваць Пана, заклікаў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 28 сакавіка 2019 г. цэлебраваў у Ватыкане.

Спасылаючыся на літургічнае чытанне з кнігі прарока Ераміі (7,23-28), Пантыфік заўважыў, што ў ім гаворыцца пра “ўпарты народ, які не хацеў слухаць” Бога і нават адвярнуўся ад Яго. У выніку “загінула вернасць” народа, кажа Святое Пісанне. “Вось пытанне, якое Касцёл хоча, каб кожны задаў сабе: “Ці не згубіў я вернасць Пану?”, - перакананы Папа.

Паводле Францішка, людзі могуць казаць, што верныя Богу і апраўдвацца тым, што кожную нядзелю прысутнічаюць на св. Імшы ў касцёле. Але гэтага недастаткова, бо патрэбна яшчэ захаванне вернасці ў сэрцы. Вялікі пост – гэта спрыяльны час для таго, каб уважліва паглядзець у сваё сэрца, падкрэсліў Святы Айцец.

“Калі чалавек жыве з цвёрдым сэрцам, якое не слухае Пана, ён робіць штосьці большае, чым проста не слухае, бо калі нешта яму не падабаецца, знаходзіць прычыну, каб пакінуць Пана, ён дыскрэдытуе, ачарняе Пана”

, - перакананы Пантыфік.

Прыводзячы прыклад такой сітуацыі, Папа спаслаўся на евангельскі ўрывак (Лк 11, 14-23), у якім распавядаецца як Езус аздараўляў людзей, а некаторыя казалі пра Яго: “Ён выганяе дэманаў сілаю Бэльзэбула, князя дэманаў”. Спачатку, праз няслуханне, іх сэрцы зацвярдзелі, а потым яны пачалі дыскрэдытаваць Бога, патлумачыў Папа.

“Езус спрабаваў пераканаць іх, але зрабіць гэта не атрымалася... Урэшце рэшт, як сказаў напрыканцы прарок: “Загінула вернасць”, так Езус напрыканцы сказаў іншыя словы, якія могуць нам дапамагчы: “Хто не са Мною, той супраць Мяне”

, - заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў вернікаў паразважаць аб сваёй вернасці Пану, а таксама выкарыстаць перыяд Вялікага посту, каб вярнуцца да Яго з шчырым сэрцам, памятаючы, што гэта час міласэрнасці Бога.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 сакавіка 2019, 12:56
Чытаць усё >