Пошук

Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Папа: дарыць жыццё ў любові, праўдзе, штодзённасці, сям’і

Жыццё набывае асаблівую вартасць, калі прыносіцца ў дар іншым у любові, праўдзе, штодзённасці, сям’і, падкрэсліў Папа падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 8 лютага 2019 г. у Доме св. Марты.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на літургічны ўрывак з Евангелля св. Марка (6,14-29), у якім распавядаецца пра мучаніцтва Яна Хрысціцеля.

Францішак засяродзіў ўвагу на паводзінах чатырох галоўных дзеючых асоб гэтай гісторыі: карумпаванага і нерашучага караля Ірада, прасякнутай д’ябальскай нянавісцю Ірадыяды, пыхлівай і капрызнай танцоўшчыцы Саламеі, а таксама абезгалоўленага прарока, “большага сярод народжаных жанчынамі”.

Паводле Папы, Ян Хрысціцель ведаў ад самага пачатку, што з’яўляецца толькі прадвеснікам Езуса, што павінен саступіць дарогу Месіі і зрабіў гэта аж да смерці, якую прыняў у самотнасці цёмнай камеры вязніцы.

“Але чаму здарылася так?”, - спытаўся Францішак. Ён заўважыў, што пра жыццё мучанікаў апавядаць нялёгка, бо “мучаніцтва – гэта служэнне, гэта таямніца, гэта вельмі асаблівы і вельмі вялікі дар жыцця”.

Мучанікамі становяцца праз паводзіны іншых людзей. Так здарылася і з Янам Хрысціцелем. Ірад лічыў яго прарокам, ахвотна яго слухаў, нават абараняў, але трымаў у вязніцы. Кароль быў нерашучым, бо Хрысціцель адкрыта казаў пра яго грэх – чужалоства. З вуснаў прарока Ірад нібыта “чуў голас Бога, Які казаў яму: “Змяні жыццё”, але ён не мог, бо быў карумпаваным каралём, а выбрацца з карупцыі вельмі цяжка”.

Рэпартаж з капліцы Дома св. Марты

Каментуючы стаўленне Ірадыяды Папа зазначыў, што Евангелле кажа пра яе толькі тое, што яна ненавідзела св. Яна. Гэта гаворыць пра многае, бо нянавіць – вялікая д’ябальская сіла, якая знішчае, дадаў ён.

Дачка Ірадыяды, Саламея, была высакамернай. Перад яе прыгажосцю не мог ўстаяць нават Кароль, які сказаў: “Прасі ў мяне, чаго хочаш, і я дам табе”. Паводле Францішка, тут ёсць аналогія з паставай д’ябла, які, спакушаючы Езуса ў пустыні, таксама абяцаў Яму ўсе багацці свету. Д’ябал стаіць за паводзінамі гэтых трох герояў евангельскай гісторыі, перакананы Святы Айцец.

У сваю чаргу Ян Хрысціцель загінуў у цёмнай камеры, “як многія нашы мучанікі”, пакінуўшы пасля сябе вялікае сведчанне.

“Жыццё мае каштоўнасць, калі прыносіцца ў дар ў любові, праўдзе, калі дорыцца іншым, у штодзённым жыцці, у сям’і. Заўсёды дарыць яго... Калі хтосьці беражэ жыццё для сябе, каб захоўваць яго, як кароль у сваёй карумпаванасці, як жанчына, што ненавідзела, як юначка, як дзяўчына, у сваёй высакамернасці – крыху падлеткавай, несвядомай – жыццё памірае, жыццё марнее, не служыць”, - падкрэсліў Папа.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 лютага 2019, 12:24
Увесь кантэнт >