Cerca

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Святы Айцец: культура раўнадушнасці супрацьлеглая Божай любові

Часта мы застаёмся раўнадушнымі да патрэб іншых. Магчыма, таму, што Божая любоў не ўвайшла ў нашыя сэрцы, падкрэсліў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 8 студзеня 2019 г. у Ватыкане.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на чытанне з Першага паслання св. Яна (4,7-10), заклікаючы “любіць адно аднаго, бо любоў ад Бога”. Ён падкрэсліў, то “Бог палюбіў нас першым”, зрабіўшы крок у напрамку чалавецтва: паслаў свайго Сына, “каб нас збавіць, даць сэнс нашаму жыццю, аднавіць нас, нанова стварыць”.

Каментуючы літургічны ўрывак з Евангелля св. Марка (6,34-44), у якім распавядаецца пра цуд памнажэння хлябоў, Папа зазначыў, што таксама і тут Бог робіць першы крок у кірунку людзей. Ён праяўляе спагаду і міласэрнасць да іх. А мы, нават калі і з’яўляемся добрымі, часта не разумеем патрэб бліжніх і застаёмся абыякавымі, заўважыў Святы Айцец.

Францішак перакананы, што Езус здзейсніў памнажэнне хлябоў і рыб, бо меў спачуванне і міласэрнасць у адносінах да людзей, якія былі “як авечкі без пастыра”.

“Сэрца Бога, сэрца Езуса ўзрушылася, убачыўшы натоўп Ён не мог застацца раўнадушным. Любоў – неспакойная. Любоў не церпіць раўнадушша. Любоў мае спачуванне”

, - сказаў Папа. Ён дадаў, што спачуванне павінна выражацца ў канкрэтных учынках міласэрнасці і нават рызыцы дзеля іншых.

Францішак звярнуў увагу на словы вучняў Езуса, якія прапаноўвалі адпусціць людзей, каб маглі купіць сабе ежу. Паводле Папы, такое стаўленне з’яўляецца выразам абыякавасці. Вучні ведалі, што для іх саміх ежы будзе дастаткова, а да лёсу іншых яны былі раўнадушныя.

“Вучні не былі зацікаўленыя лёсам людзей: іх цікавіў Езус, Якога яны любілі. Яны былі не злымі, але раўнадушнымі. Не ведалі, што значыць любіць. Не ведалі, што такое спагада. Не разумелі, што такое абыякавасць. Яны павінны былі саграшыць, здрадзіць Настаўніку, пакінуць Настаўніка, каб зразумець сутнасць спагады і міласэрнасці. А Езус адказвае востра: “Вы дайце ім есці”, - нагадаў Папа.

Паводле Святога Айца, тут адбывалася сапраўдная барацьба паміж спагадай Езуса і раўнадушшам, якое заўсёды паўтараецца ў гісторыі.

“Вялікая колькасць добрых людзей не разумее патрэб іншых, не здольная да спагады. Яны з’яўляюцца добрымі людзьмі, але, магчыма, у іх сэрцы не ўвайшла Божая любоў ці яны самі не дазволілі ёй увайсці туды”

, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што супрацьлегласцю любові лічыцца нянавісць. Але шмат людзе не мае “свядомай нянавісці”. На яго думку, з’явай, супрацьлеглай любові, часцей з’яўляецца раўнадушша. Людзі думаюць, што маюць усё, у тым ліку вечнае жыццё, бо кожную нядзелю ходзяць на св. Імшу, але ў штодзённасці часта адварочваюць позірк ад тых, хто знаходзіцца ў патрэбе.

Пантыфік заклікаў маліцца аб аздараўленні ад хваробы, якая называецца “культурай раўнадушша”.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 студзеня 2019, 14:04
Чытаць усё >