Пошук

Папа падчас св. Імшы ў капліцы Дому св. Марты Папа падчас св. Імшы ў капліцы Дому св. Марты  (Vatican Media)

Францішак: мірабудаўніцтва патрабуе пакоры і жадання служыць

Адвэнт – гэта адпаведны час для будавання спакою ў душы, сям’і і свеце, падкрэсліў Францішак 4 снежня 2018 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Гэта важна ў свеце, дзе больш вайны, чым міру.

Пантыфік адзначыў, што мірабудаўніцтва падобнае да наследавання Бога, патрабуе пакоры, умення не пляткарыць і не раніць. У сваёй гаміліі ён спаслаўся на літургічныя чытанні аўторку Першага тыдня Адвэнту – з Кнігі Ісаі і Евангелля св. Лукі (Іс 11,1-10, Лк 10,21-24). Ён падкрэсліў, што ў словах прарока можна заўважыць абяцанне міру, які прынясе Бог: “Тады воўк будзе жыць разам з ягнцам, і леапард разам з казлянём будзе ляжаць; і цяля, і малады леў, і вол будуць разам, а малы хлопчык будзе паганяць іх”. І Езус прыносіць спакой, які можа змяніць жыццё і гісторыю, патлумачыў Папа.

Менавіта таму Хрыста называюць “Князем спакою”. Пантыфік адзначыў, што перыяд Адвэнту павінен падрыхтаваць да Яго прыходу. Гэта час прымірэння адно з адным, пошуку душэўнага спакою. Таму варта звярнуць увагу на сваю душу, несці мір у сваё асяроддзе, пазбягаючы канфліктаў.

Папа звярнуў увагу на існаванне напружанасці ў свеце, дзе больш вайны, чым міру, шмат няроўнасці, нянавісці, эксплуатацыі. Ён заклікаў вернікаў несці прымірэнне ў штодзённасць: на працоўныя месцы, у грамадства, у сацыяльныя групы. Францішак адзначыў, што мір заўсёды патрабуе прагрэсу.

“[Мір пачынаецца з душы і вяртаецца ў душу, завяршыўшы ўвесь працэс паяднання]”

, - заўважыў ён.

“І будаванне міру падобнае да наследавання Бога, які пажадаў прымірыцца з намі, дараваў нам, паслаў Сына Свайго, каб заключыў мір, каб стаў Князем спакою”, - сказаў Святы Айцец. Ён дадаў, што прымірэнне і мірабудаўніцтва патрабуе пакоры і жадання служыць.

Пантыфік заклікаў, падчас Адвэнту маліцца за мір. “Кожны раз, калі мы бачым, што ёсць шанец малой вайны дома, у сэрцы, школе або на працы, давайце спынімся і паспрабуем заключыць мір. Давайце ніколі не будзем раніць іншых. Ніколі! (...) Няхай Пан падрыхтуе нашыя сэрцы да Божага Нараджэння. І гэта адбудзецца, калі мы зробім тое, што ад нас залежыць: знойдзем прымірэнне ў нашым сэрцы і душы, прынясём мір у нашы сем’і, школы, асяроддзе, на працоўныя месцы – станем людзьмі міру”, - сказаў Папа, завяршаючы сваю гамілію.

Рэпартаж з капліцы Дому св. Марты
Навіна ў фармаце аўдыё
04 снежня 2018, 13:09
Увесь кантэнт >