Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Святы Айцец: абвяшчэнне Хрыста – гэта не рэклама, а сведчанне

Сведчыць блізкасць да Канстантынопальскага Патрыярхату і маліцца аб еднасці Касцёла, заклікаў Папа падчас св. Імшы, якую цэлебраваў 30 лістапада 2018 г., у літургічны ўспамін св. Андрэя Апостала.

У гаміліі Пантыфік заклікаў вернікаў перамагчы грахі і заганы, каб быць больш паслядоўнымі і годнымі даверу хрысціянамі. Ён зазначыў, што прапаведаванне Евангелля нельга блытаць з рэкламай.

“Гэта не рэкламаванне добрага чалавека, які зрабіў шмат дабра, аздараўляў людзей, навучыў нас дабру. Гэта не рэклама! Таксама гэта не празелітызм. Калі нехта ідзе распавядаць пра Езуса Хрыста, прапаведаваць Езуса Хрыста, і хоча займацца празелітызмам, гэта не будзе абвяшчэннем Хрыста. Такая праца, такая пропаведзь кіруецца маркетынгавай логікай”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, чалавек, які быў пакліканы абвяшчаць Хрыста, павінен адчуваць, што ў яго ёсць місія, якой трэба прысвяціць жыццё, час, інтарэсы і нават цела, поўнасцю аддацца справе. Рашэнне цалкам прысвяціць сябе абвяшчэнню Евангелля – гэта “білет у адзін бок”. Адрачэнне ад яго, стане адступніцтвам, падкрэсліў Папа.

Францішак зазначыў, што галоўным шляхам евангелізацыі павінна быць сведчанне. Яго трэба даваць праз паслядоўнасць у словах і ўчынках, не жыць як людзі, якія называюць сябе хрысціянамі, а вядуць, як язычнікі, чым правакуюць абурэнне ў іншых.

Апостал, прапаведнік, сведка Божага слова – гэта чалавек, які аддае ўсё сваё жыццё, і гэта таксама мучанік. Такім жа чынам сведчыў аб Богу і сам Езус Хрыстус. “Д’ябал спрабаваў пераканаць Яго, каб устаў на іншы шлях, а Ён не пажадаў, споўніў Божую волю да канца”, - заўважыў Святы Айцец.

Усе мы ў сілу хросту “прымаем місію абвяшчэння Хрыста”, жывучы як навучыў Езус, “у гармоніі з тым, што прапаведуем”, каб абвяшчэнне было плённым. Калі, аднак, будзем жыць непаслядоўна, “кажучы адно, а робячы адваротнае”, будзем выклікаць абурэнне людзей, што нясе шмат зла Божаму народу, зрабіў вывад Папа.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 лістапада 2018, 11:56
Увесь кантэнт >