2018.11.15 Messa Santa Marta 2018.11.15 Messa Santa Marta  (Vatican Media)

Францішак: думаць пра канец жыцця – гэта мудра

Мудра думаць пра канец жыцця. Гэта не вельмі прыемна, але неабходна, заўважыў Папа падчас ранішняй св. Імшы, якую 27 лістапада 2018 г. цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

У гаміліі Францішак казаў пра канец свету і канец жыцця чалавека, бо “апошні тыдзень літургічнага года ў Касцёла прымушае задумацца менавіта аб гэтым”. Спасылаючыся Чытанне кнігі Апакаліпсіса (14,14-19), ён зазначыў, што тут канец свету прадстаўлены як жніво. Калі прыйдзе наш час, мы павінны будзем “паказаць якасць нашага зерня, якасць нашага жыцця”, заўважыў Папа.

“[Будзе карысна на працягу гэтага тыдня падумаць пра канец. Калі Пан пакліча мяне сёння, што буду рабіць? Што буду казаць? Якое зерне пакажу Яму?]”

, - параіў Францішак. Ён падкрэсліў, што думкі пра канец жыцця павінны дапамагаць крочыць далей з надзеяй на сустрэчу з Богам.

“Так, наступіць канец, але гэты канец будзе сустрэчай: сустрэчай з Панам. Гэта праўда, што трэба будзе даць справаздачу з таго, што мы рабілі, але таксама, гэта будзе міласэрная, радасная, шчаслівая сустрэча. Думаць пра канец, пра канец стварэння, пра канец уласнага жыцця – гэта мудра. Мудрыя людзі так робяць”, - дадаў ён.

Рэпартаж з капліцы папскай рэзідэнцыі

Папа заклікаў вернікаў на працягу апошняга тыдня літургічнага года, з дапамогай Святога Духа, зрабіць рахунак сумлення і падумаць пра тое, што можна выправіць і якія добрыя рысы можна ўмацаваць і развіць.

“На працягу гэтага тыдня папросім Святога Духа аб мудрасці часу, мудрасці канца, мудрасці ўваскрасення, мудрасці вечнай сустрэчы з Езусам; папросім, каб дапамог нам зразумець тую мудрасць, якой з’яўляецца наша вера. Гэта будзе дзень радаснай сустрэчы з Езусам. Памолімся, каб Пан нас падрыхтаваў да яго. І няхай кожны з нас завершыць гэты тыдзень думаючы пра канец: “Майму жыццю прыйдзе канец. Я не буду тут вечна. Як хачу закончыць жыццё?”, - сказаў Францішак на заканчэнне гаміліі.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 лістапада 2018, 13:47
Увесь кантэнт >